Навучэнцы гурткоў у Беларусі будуць атрымліваць спецыяльныя пасведчанні
У новым Кодэксе аб адукацыі, які пачаў дзейнічаць з 1 верасня, гаворыцца:
“Пасведчанне аб дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі выдаецца навучэнцам, якія засвоілі змест адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з вывучэннем вучэбных прадметаў, вучэбных дысцыплін, адукацыйных галін, тэм на падвышаным узроўні.”
Свае меркаванні аб новаўвядзенні выказаў кіраўнік школы турыстычных праваднікоў Гродзенскага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі – адной з установаў дадатковай адукацыі Гродна – Ігар Лапеха:
–У нас пра сертыфікаты гаворкі пакуль не было, ды і роля гэтага дакумента пакуль не акрэсленая. Мы маем праграму з колькасцю гадзін, але адзнакі не выстаўляем.
Безумоўна заняткі ў гуртках па інтарэсах даюць дадатковыя веды, майстэрства, іх наведнікі заслугоўваюць больш шансаў на паступленне.
Калі апроч тэстаў і сярэдняга бала пры паступленні будзе суразмова, дзе будзе ўлічвацца актыўная пазіцыя, асоба чалавека, то тады сертыфікат будзе дарэчы.
Зараз ніякай ролі гэтыя пасведчанні не адыгрываюць, толькі маральна – эстэтычнае задавальненне атрымальніка.
Спецыяльнасць школьнік у нас не атрымлівае, працаваць экскурсаводам не зможа.
З іншага боку, для атрымання спецыяльнасці існуюць іншыя ўстановы.
Дадатковая адукацыя не накіраваная на паступленне, яна забяспечвае хоббі і варыябельнасць у выбары прафесіі: я спрабую сябе ў розных накірунках і магу больш асэнсавана зрабіць выбар.
Па дадзеных Міністэрства адукацыі, якія прыводзіць БелТА, каля 15% першакурснікаў, якія паступілі сёлета на тэхнічныя спецыяльнасці, абралі прафесію дзякуючы заняткам у гуртках.
На канец мінулага года ў сістэме Міністэрства адукацыі працавала 381 установа дадатковай адукацыі, дзе навучаліся 413 тысяч чалавек – амаль кожны трэці школьнік краіны.