У «Лясгас» па… бярозавік

|

Я думаў, што «Лясгас» будзе размяшчацца ў шэрых казёных будынках, якія засталіся яшчэ з савецкага часу. Ды не – мяне чакала даволі прыветная хацінка, больш падобная да дзіцячага садка, калі б не трактары ў двары. Нават каменная пабудова побач не выклікала нуды і прыгнёту. Ну, паглядзім, як сустрэнуць мяне людзі ў гэтых бяскрыўдных звонку доміках: я ішоў у «Лясгас» з мэтай даведацца пра бярозавік.

– Добры дзень-добры дзень… – Адгугнуўся на маі прывітанні чарнявы вусаты мужык, які сядзеў у скураным, відаць, дарагім крэсле, утаропіўшыся ў мяне хітрымі вачыма. – Пакажыце пасведчанне.

Моўчкі дастаю пасведчанне і працягваю яму. Мужык добра нагадваў мне Міхалыча з «Нашай Рашы». Я б не здзівіўся, калі б у кабінет уварваўся Ваня Дулін у касцы, з букетам руж і з пунсовым тварам.

– А дазваленне на правядзенне апытання у вас ёсць? – Недаверліва вымавіў «Міхалыч», калі скончыў разглядаць маю фотку ў пасведчанні. – Што вам ні кажы, усё перавернеце з ног на галаву. З вас, журналістаў, станецца.

Як ён не жадаў дзяліцца інфармацыяй! Нібыта я ў яго тут ваенную тайну выпытваю. Вядома, калі вы так хочаце, я абавязкова напішу, што ў «Лясгасе» распрацоўваецца новая зброя, а бярозавік прыгодны да змазкі шурупаў… «Праўдзівасць» журналіста залежыць ад таго, якую лухту яму сунуць замест праўды.

Нягледзячы на упартасць «Міхалыча» (свае імя-прозвішча ён так і не раскрыў), я паразмаўляў з працоўнымі «Лясгасу»: знайшліся-такі людзі больш гаваркія.

Як правіла, у сярэдзіне сакавіка (назва месяца за сябе кажа) лесгасаўцы пачынаюць загатоўку бярозавіку, але у гэтым годзе «надвор’е такое, што чорт яго разбярэ». Так, работы па загатоўцы соку залежаць ад надвор’я – тэмпература павінна быць вышэй за +5С, інакш нельга. Зрэшты, надвор’е дазваляе, загатоўка пачалася. А калі такое надвор’е будзе стаяць яшчэ з тыдзень, загатоўка і скончыцца…

Асноўная частка здабытага бярозавіку прадаецца перапрацоўшчыкам – УТП «Голдстрим», «АВС» і іншым. Планавы аб’ём пастаўкі у гэтым годзе – 250 тон, для параўнання з мінулым годам – 284 тоны (ха, крызіс адбіўся і на бярозках? – аўт.). Прыкладна 80 тонн прадаецца насельніцтву.

Загатоўка бярозавіку ажыццяўляецца «Лясгасам» у насаджэннях, спецыяльна прызначаных для рубак, з улікам таго, што адное і тое ж дрэва можна «пілаваць» раз у пяць год і толькі тымі спосабамі, якія забяспечваюць тэхнічную якасць драўніны.

Дарэчы, дазваленне на падсочку – «Зялёны квіток» – лясная гаспадарка выдае, як ні дзіўна… сама сабе. Здавалася б, такі дакумент павінны выдаваць эколагі, якія сачылі б за тым, каб ад дзейнасці «Лясгасу» не пакутавала экалогія.

Увогуле, з пункту гледжання біялогіі бярозавік не з’яўляецца сокам, а ўяўляе сабой раствор карысных рэчываў, які падымаецца з каранёў дрэва. Бярозавік утрымлівае глюкозу, фруктозу (прыкладна 2%) і аказвае лячэбнае дзеянне пры хваробе на ныркі.

А калі табе, паважаны аматар бярозавіку, захочацца самому заняцца здабычай соку ў неналежаны час і няправільнымі спосабамі, нягледзячы на ўсе правілы і забароны «Лясгасу», цябе чакае прызавы штраф у памеры ад 10 базавых велічынь. Глядзі, каб не «пашанцавала».

Яўген Іваноў

Фота «Газеты Слонімскай»