Праз 20 гадоў у Гродна можа не застацца старых дрэваў

|

Пасля гэтага прыйшоў да несуцяшальных высноваў – Гродна імкліва губляе сваё зялёнае адзенне, і, што самае страшнае – гэта амаль што нікога не турбуе.

 

У 2008 годзе горад павялічыўся ў 3 разы, у яго склад увайшлі бліжэйшыя вёскі Баранавічы, Малышчына, Зарыца і г.д., з новабудоўлямі.

 

– У 2010 годзе я падлічыў дрэвы ў новых частках горада. А ў маі 2011 года былі наноў пералічаныя дрэвы ў старым горадзе, праведзены аналіз і вызначаны тэндэнцыі.

 

За тры гады тэндэнцыі не вельмі добрыя: калі тэмпы будуць такія, як зараз, то праз 20 год у Гродна не застанецца ніводнага старога дрэва – распавядае Ігар Лапеха.

 

Дрэвазнішчальная палітыка Гродна

 

Гарадзенскай статыстыкі зялёных насаджэнняў (ЗН – заўв. аўт.) не існуе. Тэарэтычна камунальныя гаспадаркі горада павінны ведаць колькасць дрэваў на сваёй тэрыторыі, іх пароду і дыяметр.

 

– Колькі я не сутыкаўся, такога падліку няма, а падчас добраўпарадкоўвання дрэвы проста спілоўваліся, без аніякага інфармавання – кажа краязнаўца.

 

Ніжэй – не навуковая статыстыка, а вынікі чалавечага назірання за зялёным горадам.

 

Парк Жылібера, адзін з самых старадаўніх у Еўропе: асфальтавыя дарожкі пракладзены без уліку ЗН, з-за чаго пэўная колькасць дрэваў загінула.

 

Тое ж самае з рэканструкцыяй па вуліцы БЛК: паркінг зроблены парадаксальна – паркоўка пабудавана акурат там, дзе дрэвы, а там, дзе лагічна было б размясціць паркоўку, пустое месца.

 

Энергазахавальны дом па вуліцы Церашковай «з’еў» добрых 20 саракагадовых ліпаў.

 

Жыхары спрабавалі выратаваць дрэвы, але спазніліся – іх паставілі перад фактам, ніхто нічога не мог зрабіць.

 

Два самых старых каштаны ўва ўсёй краіне былі высаджаныя ў часы караля Аўгуста Панятоўскага па цяперашней вуліцы Рэпіна.

 

Яны захаваліся за кошт добра сфарміраванай кроны і правільнага дагляду з тых даўніх часоў.

 

Аматары Гродна нават падалі заяву аб наданні дрэвам статусу помнікаў прыроды, гэтая інфармацыя вісела нават на сайце выканкама. Але дрэвы спілавалі, і без усялякай патрэбы.

 

Як такога, плана па азеляненні горада няма – ёсць план па азеляненні, напрыклад, новых вуліц.

 

Вось ёсць вуліца Дубко (былы старшыня гарадзенскага аблвыканкама), якую засадзілі ліпамі і каштанамі, планавалі зрабіць скверык з лістоўніцамі і вербамі.

Карлікавыя, дэкаратыўныя дрэвы ў цэнтры горада

Дрэвы пасадзілі… але тыя пасохлі з-за адсутнасці дагляду і своечасовага паліву.

 

Другі раз азеляняць сюды ўжо не прыйдуць.

 

Запраўка на касцях

 

Дарэчы, што казаць пра ахову дрэваў, калі нават санітарныя нормы пры будаванні небяспечных аб’ектаў не заўжды аказваюцца ўлічанымі?

 

Вось на вуліцы Падольнай, што ў старым цэнтры горада, археалагічным пласце Гродна, захаваным з 12 стагоддзя, пабудавана бензапраўка.

 

Яшчэ адна бензастанцыя знаходзіцца на вуліцы Пушкіна, у 20 м. ад жылога дома.

 

Жыхары 5-га паверха штодзень дыхаюць парамі бензіна.

 

Яшчэ адну запраўку збіраліся будаваць на Фолюшы, дзе знаходзяцца могілкі былога канцлагера. Менавіта на гэтых могілках была амаль што распачатая будоўля, але справа спынілася.

 

Ці бароняць жыхары дрэвы на сваім двары?

 

Зрабіць гэта нялёгка – ніхто не папярэджвае пра вырубку, проста ставяць перад фактам.

 

На БЛК, дзе  жыве Ігар Лапеха, двор здолеў выратаваць ліпавае дрэва: неўзабаве спахапіліся пенсіянеркі, якія былі сведкамі вырубкі ў разгар працоўнага дня, час, які жыхары дома праводзілі на працы.

 

Таксама адстаялі сосны на вуліцы В. Соламавай і 4 каштаны каля крамы “Спадарожнік” ля чыгункі.

 

Так, улады сцвярджаюць, што высаджваюць больш, чым спілоўваюць. Але пілуюць яны ўжо рослыя дрэвы, а на рост сажанцаў ідзе больш за 20 гадоў.

 

Каштанавая хвароба

 

Пакасіла гарадзенскія каштаны. Натуральная эпідэмія, дрэва сохне і гіне, трэба выпілоўваць ці лячыць. Але лячыць ніхто не думае.

Хворыя гарадзенскія каштаны

 

Проста садзяць новыя, якія хутка падхопліваюць хваробу і засыхаюць.

 

Бачна, што “Зеленбуд” дбае не столькі пра дрэвы, колькі пра выкананне плана.

 

На месцы былой Фары Вітаўта ў цэнтры горада ўсяго і засталося, што 6 старадаўніх каштанаў, на якія таксама перакінулася хвароба.

>

Алея на месцы былой Фары Вітаўта

 

Асобна скажам пра дрэвы-мутанты на  плошчы Савецкай – карлікавыя, дэкаратыўныя, яны не растуць, не даюць ценю, затое сажанцы каштуюць больш за звычайныя.

 

Іх пасадзілі на месцах, дзе яшчэ 5 год таму раслі ліпавыя алеі – сталінскія, як яе называлі, таму што высажаны былі ў 50-х гадах.

Вось што засталося на месцы 4 х ліпавых алей ў цэнтры горада.


Чатыры алеі па загадзе былога старшыні аблвыканкаму знішчылі амаль што ў адну ноч.

 

Настрой

 

Маніторынг зялёных насаджэнняў Гродна надрукаваны ў штогадовым краязнаўчым часопісе «Горад святога Губерта».

 

– Я рабіў яго з мэтай прааналізаваць  сітуацыю,  абудзіць грамадзян, – кажа Ігар.

 

– Дрэвы – яны ж не толькі для мяне стаяць, а такое ўражанне, што наступнае пакаленне гарадзенцаў збярэцца і з’едзе, таму «пасля нас хоць патоп», нічога не шкада.

– У мяне песімістычны настрой: грамадскай актыўнасці няма, няма арганізацый, дэпутатаў, якія адстойвалі б дрэвы, адсутнічае і самаарганізацыя. Ёсць толькі спантанныя выступы на эмоцыях, – дадае наш герой.

 

– Зялёныя насаджэнні, па-першае,  павінны быць зарэгістраваны і праходзіць незалежную экспертызу “Зеленбуда”, а любыя рашэнні, якія звязаны з лёсам дрэваў, павінны абмярковаўцца з грамадскасцю – на лакальным ці гарадскім узроўні.

 

Пра гарадскія праекты яшчэ да пачатку іх рэалізацыі добра было б інфармаваць, абмяркоўваць іх праз СМІ, такім чынам, каб жыхары маглі уплываць на працэс і тым самым прыняць удзел у жыцці свайго горада – кажа Ігар.

Прышчэплены вяз на Савецкай

 

З першай часткай праведзенага ім маніторынгу (за 2008 год) можна пазнаёміцца тут.

 

Рыма Ушкевіч, Беларускі зялёны партал (друкуецца ў скароце з рэдакцыйнымі праўкамі)

 

Даведка ТС:


Ігар Лапеха з’яўляецца вядомым гарадзенскім краязнаўцам, шмат гадоў ачольвае краязнаўчую студыю “Прысак” у цэнтры дзіцячай і юнацкай творчасці.

Разам з іншымі гарадзенскімі гісторыкамі, краязнаўцамі, эколагамі не раз адкрыта звяртаўся да ўладаў з патрабаваннямі захаваць архітэктурную і прыродную спадчыну Гродна.