Каляровыя святы Вяцкага краю
А вось, што тычыцца людзей і падзей … Выявілася тут адна цікавая з’ява, якая спадабалася да такой ступені, што не магу не падзяліцца.
Гэта –разнастайныя фестывалі, якія ладзяцца не ў абласных або гарадскіх ці нават раённых маштабах, а ў вёсках і паселішчах.
Некаторыя сюжэты пра фестывалі прарываюцца і ў цэнтральны расійскі тэлеэфір, але ў асноўным, усё праходзіць у сціплых маштабах, не пад неспыным наглядам мясцовых адміністрацыі, а нараджаецца (ці адраджаецца) знутры.
У верасні, у залежнасці ад таго, якое стаіць надвор’е, у сяле Суны праходзіць фестываль … рыжакоў (рыжыкаў).
Гэты грыб расце тут у такіх колькасцях, што збіраюць яго не кошыкамі, а каляскамі і соляць не слоікамі, а кадушкамі.
Ініцыятар фэсту – мясцовы краязнаўца, гісторык Леанід Іванавіч Зварыгін.
Цікавая такая асоба: доўга вывучаў гісторыю свайго прозвішча, і дайшоў у пошуках да пачатку 16 стагоддзя.
Нават кнігу напісаў. На фота ён– у кароне. Пасада «цара рыжакоў» пераходная, выбарная, так бы мовіць.
На фестываль мясцовыя жыхары цягнуць не толькі саленні і марынады, але і тое, што нарадзіла Нечэрназем’е – гарбузы, памідоры, гіганцкіх памераў перцы, вырабы, цацкі …
alt=”Image 16338″ > |
Хараство свята – у яго шчырасці, адсутнасці фальшы.
Мне распавялі, што вянкі сабе плятуць, уборы шыюць самі (або дастаюць з куфраў).
Адміністрацыя дапамагла пабудаваць «эстраду» і імправізаваную залу.
Гэтым і абмежавалася, у справы фестывальныя не лезе, сцэнараў не піша.
Ёсць у Сунах і такія «рыжакі».
Дарэчы, рудых і русых людзей тут вельмі шмат. А не сфатаграфаваць такія косы было б не даравальна!
А ў вёсцы Істабенск шмат гадоў ладзіцца фэст у гонар агурка.
Свята так і называецца «Істабенскі агурок».
Агурочны фестываль–летні.
Але прадукцыю ў бочачках возяць па суседзях і ахвотна частуюць усіх гасцей.
Купіць, вядома, таксама можна.
У мястэчку Кацельніч і ў акрузе расце хвацкая бульба. Асабліва ў фермерскіх гаспадарках.
У гэтым годзе ў фермераў адмысловы галаўны боль – ураджай.
Рынкі збыту слабыя, цэнтралізаваныя пасярэднікі аддаюць перавагу «не заўважаць» мясцовыя гаспадаркі, купляючы велізарныя аптовыя партыі за мяжой.
Мясцовую бульбу гаспадары гатовыя аддаваць і па 5 рублёў за кілаграм (на рынку – 15-20).
Ня гледзячы на ўсе складанасці ўраджайнага году ўладальнік бульбяна-свінагадоўчай фермы В. М. Саўкоў (на фота) уласнымі сіламі арганізуе бульбяны фестываль.
Увогуле, няма якіх-небудзь цэнтралізаваных «Дажынак», а ёсць свае маленькія вясёлыя святы, якія, кажуць, перш былі ў кожным сяле. І святы, і кірмашы, і выставы.
І на заканчэнне – рэцэпт «рыжака па-сунскі»:
На 1 кг грыбоў бяруць 40 г солі, маленькую галінку ядлоўца, яго тут называюць «верас».
Соляць толькі ў драўляных ёмістасцях, пад прыгнёт.
Праз 10 дзён рыжакі гатовыя.
Фотаздымкі аўтара