З-за рэканструкцыі гродзенскага вакзала замест цягнікоў у Польшчу ідуць аўтобусы

|

Сёння-заўтра замест цягнікоў з прывакзальнай плошчы адпраўляюцца польскія камфартабельныя аўтобусы тройчы ў дзень: у 4.18, 11.45, 17.55.

Кошт білета да Кузніцы – 17770 рублёў, столькі ж, колькі каштуе білет на цягнік.

З чацьвярга цягнікі на Польшчу пойдуць па звычайным раскладзе.

Пашпартны кантроль і мытны дагляд пасажыры цягнікоў Гродна-Кузніца будуць праходзіць у часова абсталяванай зале, якая размесціцца на месцы былога галоўнага ўваходу ў вакзал.

Затое ў касавую залу пасажырам цяпер даводзіцца ўваходзіць праз цокальны паверх.

Памяшканне, якое раней мытнікі і памежнікі займалі на чыгуначным вакзале рэканструюецца, да яго будуць дабудаваныя іншыя памяшканні.

Усе нязручнасці для пасажыраў скончацца найпазней праз год: у 2012 годзе беларуская чыгунка святкуе 150-гадовы юбілей.

Першая лінія Парэчча-Гродна пачала дзейнічаць у 1862 годзе як частка Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі.

Да гэтай даты рэканструкцыя гродзенскага чыгуначнага вакзала цалкам завершыцца.

 

Фота Алісы Чэкатоўскай