Адкуль прыйшлі засранцы…

|

Чарговы раз заўважаю, як гаспадары, якія выгульваюць сваіх чатырохлапых сяброў, адварочваюцца ўбок, і быццам не заўважаюць, што іх цуд «меціць тэрыторыю» альбо кладзе кучу, якая не вельмі прыстойна глядзіцца на вуліцы альбо ў дзіцячай пясочніцы. Што павінна здарыцца, каб кожны гаспадар, які ідзе выгульваць сабаку, пайшоў у краму (напрыклад «Дзіцячы свет»), набыў шуфлікі, пакет і прыбраў бруд?

У Празе, напрыклад, на вуліцах стаяць адмысловыя скрынкі, у якіх можна ўзяць такія пакеты. На іх напісана наступнае:

«Дзякуй усім гаспадарам сабак за выкарыстанне прапанаваных папяровых пакетаў, бо сваім адказным падыходам вы дапамагаеце нам захоўваць цэнтр нашай сталіцы больш чыстым і прыгожым. Не выкарыстоўваць пакет для захоўвання ежы. Пасля выкарыстання выкінуць. Бяспечны».

Цікава тое, што гэтыя пакеты распаўсюджваюцца бясплатна. Улады такім чынам прывучаюць гараджан дбаць пра чысціню. Цікава, з чаго нам пачаць? Можа выдаваць шуфлікі?

Лана Руднік