У абменніках не стае беларускіх рублёў

|

Толькі 2 жанчыны  засталіся каля вакенца абменніка, спрабуючы ўлагодзіць касірку, каб памяняць 200 даляраў.

-Зусім жа грошай няма, хоць колькі памяняйце, – разгублена ўгаворвала адна з іх.

Касірка паабяцала, што рублі хутка падвязуць: “Хто ж ведаў, што ўсе так кінуцца валюту здаваць?! Усе ж бедныя, казалі!”

 

Долары, еўра і расійскія рублі ў абменных пунктах на вакзале сёння з раніцы можна набыць свабодна, толькі ахвотных мала.

Падбадзёраныя доўгачаканай магчымасцю прадаць валюту не парушаючы закон і па прыстойнаму курсу, гродзенцы пацягнуліся ў банкі і абменныя пункты.

Некаторыя спяшаюцца з-за запэўніванняў Нацыянальнага банка, які сцвярджае, што курс гэты завышаны і хутка стабілізуецца.

І сапраўды, сёння курс даляра на дадатковай сесіі паказальна знізіўся на 100 рублёў і склаў 8500 бел.рублёў за даляр.

Еўра сёння каштаваў 12150 рублёў.

 

Курс у гродзенскіх абменніках “Беларусбанка” сёння:

Даляр  8400/8800

Еўра  11400/12000

Расійскі рубель  275/305

Але цягам дня курс можа мяняцца. “Белінвестбанк” яшчэ з раніцы мяняў даляр па 8500/8900, але ўжо ў 10.30 знізіў курс да 8400/8800.

 

Валюта ў свабодным продажы з’явілася пасля ўвядзення дадатковай сесіі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы.