22 верасня – Дзень без аўтамабіля
У Гродне “Дзень без аўтамабіляў” падтрымаюць як мінімум веласіпедысты і марафонцы.
Веласіпедысты спадзяюцца зладзіць 22 верасня ўжо традыцыйны велапрабег.
Іван Найдзёнаў, гродзенскі велаактывіст:
–У нас было жаданне нешта арганізаваць, а тут і з Камітэта прыродных рэсурсаў пазванілі, і мы выказалі сваю прапанову. Ідзе сагласаванне з гарвыканкамам. Маршрут мы ўжо папярэдне абмеркавалі з ДАІ, але канчатковага адказу ад уладаў пакуль не атрымалі
Хочам паказаць, што веласіпеды – гэта добры від транспарта і добрая альтэрнатыва аўтамабілю.
Калі ўсё атрымаецца, велапрабег стартуе ў 19 гадзін з Савецкай плошчы – праз Гарнавых да кальца, па Савецкіх памежнікаў – вул.Вясенняя – Фестывальная – Фарты – па БЛК да радзільнага дома і па Горкага назад да Савецкай плошчы.
Папярэдне арганізатары разлічваюць на 100 удзельнікаў, сярод якіх будуць і чыноўнікі.
Перад пачаткам велапрабегу супрацоўнікаў гродзенскіх СМІ збяруць на прэс-канферэнцыю.
Дзень без аўтамабіля па ўсім свеце праводзіцца дзеля прыцягнення ўвагі да вырашэння экалагічных праблем. Беларусь далучылася да сусветнай акцыі ў 2008 годзе.
У мінулыя гады ў Гродне акцыя асаблівай падтрымкі насельніцтва не знаходзіла: летась 22 верасня толькі на 4% паменелі лічбы продажу паліва на запраўках.
За павелічэннем колькасці машын на дарогах павялічваюцца і аб’ёмы выкідаў у атмасферу шкодных рэчываў.
У Беларусі доля транспарту ў сумарных выкідах дасягае 72% (у гарадах ад 65% да 80%). У сярэднім за дзень па рэспубліцы ў атмасферы выкідаецца з адпрацаванымі газамі каля 3,5 тыс.т забруджвальных рэчываў.