На экалагічным фестывалі будуць пілаваць дрэвы і смажыць кабана
У гэты дзень у раённым цэнтры будуць працаваць розныя фестывальныя пляцоўкі.
На адной з іх дрывасекі будуць змагацца ў хуткасці абсякання сукоў і пілавання бярвеняў.
На “Паляўнічай пляцоўцы” засмажаць дзіка і звараць юшку.
З Гродна ў Свіслач прыедзе перасоўны звярынец. У розных месцах горада будуць працаваць выставы экалагічна чыстых прадуктаў, пройдуць конкурсы і канцэрты.
Як паведамляе “Ежедневник” са спасылкай на начальніцу аддзела культуры Свіслацкага райвыканкама Ірыну Паўлюкевіч, мэтай фестывалю з’яўляецца прыцягненне ўвагі грамадскасці, гасцей і турыстаў да Белавежскай пушчы, якая займае трэцюю частку раёна.
Тут знаходзіцца ўнікальнае нізіннае балота Дзікое, якое мае толькі некалькі аналагаў у свеце, знаходзяцца вытокі рэчак Нарэўка і Ясельда.
Ідэю правядзення свята лесу можна вітаць. Такія святы ладзяцца ў многіх мясцовасцях свету, дзе лес адыграе вельмі важную ролю ў жыцці насельніцтва.
Бянтэжаць, аднак, некаторыя “атракцыі”, запланаваныя ў Свіслачы.
Так, беларускія эколагі ўжо даўно б’юць трывогу з нагоды выпілоўвання дрэваў у запаветнай Белавежскай пушчы.
>
У гэтым сэнсе спаборніцтвы дрывасекаў ну не надта пасуюць да мерапрыемства, скіраванага найперш на папулярызацыю ідэі зберагання прыроды для нашчадкаў.
Тое ж можна казаць і пра “смажанне дзіка”.
Наўрадці на такіх “спажывецкіх” прыкладах можна выхаваць беражлівае стаўленне да прыроды…
Фота з сайта Белавежская пушча ХХІ