Аднойчы ў «Ракурсе»

|

Сёння, 10 красавіка, члены клуба сустрэнуцца, каб абмеркаваць ужо нашумелы ў свеце брытанскі фільм пра ўдачлівага юнака з Індыі «Міліянер з трушчобаў».

Па словах дырэктара кінатэатра і заснавальніцы кінаклуба Людмілы Ганчарук, гарадзенскія кінааматары чакалі гэтай падзеі даўно. Клуб «Ракурс» пачаў сваё існаванне яшчэ ў снежні 81-га. Паседжанні адбываліся раз на тыдзень, у сераду і, як кажуць, пры любым надвор’і.

Творчая эліта горада, выкладчыкі інстытутаў і студэнты збіраліся ў кіназале, глядзелі абраны фільм, а пасля разам абмяркоўвалі. Фільмы для клуба прывозілі па спецзаказе, і перад шырокай аўдыторыяй іх звычайна не дэманстравалі. Час ад часу «Ракурс» наладжваў нават невялічкія кінафестывалі.

На першае паседжанне клуба старыя яго ўдзельнікі збіраюцца па запрашэннях. Аднак, кіраўніцтва разлічвае, што ў бліжэйшы час аўдыторыя клуба значна павялічыцца і, у асноўным, за кошт моладзі.

Таня Данчышына

Фота аўтара