Лукашэнка вызначыў дакладнае месца для АЭС. Літва спадзяецца на МАГАТЭ
АЭС павінна быць пабудавана на “зямельным участку ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці агульнай плошчай 449,94 га, размешчаным у 1,5 км на паўночны ўсход ад в.Баброўнікі і на поўдзень ад в.Авены, абмежаваным на паўночным захадзе аўтамабільнай дарогай в.Шульнікі-в.Авены, на захадзе – аўтамабільнай дарогай Гоза-АЭС-Астравец ад аўтамабільнай дарогі Р-45, на паўночным усходзе – аўтамабільнай дарогай Н-6223 (Місляны-Шульнікі-Авены-Валейкуны), на поўдні, паўднёвым захадзе, захадзе – аўтамабільнай дарогай ад аўтамабільнай дарогі Н-6223 в.Рудзішкі – хутар Баброўнікі і землямі сельскагаспадарчага вытворчага кааператыву “Варняны”, – паведамляе БелТА.
Пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расіі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС на тэрыторыі Гродзенскай вобласці 15 верасня накіраванае на ратыфікацыю ў Палату прадстаўнікоў.
Беларуска-Расійскія перамовы па крэдытах і кантрактах на будаўніцтва працягваюцца.
Паводле прэс-службы Міністэрства замежных спраў, Літва збіраецца абмеркаваць неадпаведнасць праекта АЭС стандартам ядзернай бяспекі на сесіі МАГАТЭ, якая пачалася ўчора ў Вене.
“Літва імкнецца зрабіць больш жорсткімі палажэнні міжнароднай ядзернай бяспекі, звязаныя не толькі з праектамі суседніх АЭС.
Больш строгія патрабаванні прынеслі б карысць усёй міжнароднай супольнасці, паколькі найвышэйшыя міжнародныя стандарты ядзернай бяспекі павінны быць універсальнымі і прымяняцца да ўсіх без выключэнняў”, – цытуе словы прэс-службы БелаПАН.
Ніводная АЭС не павінна быць запушчаная без усебаковай ацэнкі яе пляцоўкі, асабліва сейсмічных даследванняў, – падкрэслівае МЗС.
Неабходнасць перагляду міжнародных стандартаў і прававога рэгулявання будаўніцтва АЭС актуалізавалася пасля аварыі на японскай АЭС “Фукусіма”.
Акрамя беларускай АЭС інтарэсы Літвы закранаюць і планы размяшчэння АЭС у Калінінградскай вобласці.
Дэпутаты сейму патрабуюць выканання Беларуссю і Расіяй міжнародных канвенцый, правядзення ў Літве публічных слуханняў па справе і двухбаковых кансультацый.
Супраць будаўніцтва АЭС у Астраўцы выступае Беларуская антыядзерная кампанія, якая заклікала ўрад Беларусі зрабіць высновы з японскай трагедыі і адмовіцца ад будаўніцтва АЭС на Гродзеншчыне.
Аўтары заявы патрабуюць спыніць будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы, на месцы якой у 1909 годзе быў зарэгістраваны наймацнейшы ў Беларусі землятрус у 7 балаў.
Фота: open.by