Змагацца з шаленствам у Гродзенскай вобласці дапамагае авіяцыя
Галоўны ветерынарны ўрач Абласнога упраўлення ветэрынарыі Райманд Вацлававіч Абуховіч:
– На 1 верасня мы маем у Гродзенскай вобласці 232 пацверджаных выпадка шаленства сярод дзікіх і хатніх жывёл, у мінулым годзе было 106 выпадкаў.
Галоўная крыніца шаленства – дзікія жывёлы.
Носьбіты шаленства ў дзікай прыродзе на 70% лісы.
Апошнія дзесяць гадоў пушніна лісы не карыстаецца попытам, таму ліс не адстрэльваюць. На тэрыторыі Гродзенскай воблсці на дадзены момант каля 8000 ліс.
Рэзервуар шаленства пашыраецца, а ўжо лісы кусаюць хатніх жывёл.
Перадавыя краіны робяць вакцынацыю праз раскладку прынадаў, у якіх знаходзіцца вакцына.
З’еўшы яе дзікія жывёлы – лісіца, воўк, янот і іншыя – імунізуюцца.
Гэта патрабуе дастаткова вялікіх выдаткаў, таму ў нас вакцынацыя праводзіцца ў асноўным у крыніцах заражэння, да гэтай працы прыцягваюцца леснікі, ветэрынарныя спецыялісты.
Аднак у сітуацыі, калі шаленства сярод дзікіх жывёл імкліва пашыраецца, гэта мала эфектыўна.
Каб узяць сітуацыю пад кантроль, Міністэрства сельскай гаспадаркі прыцягнула на дапамогу гродзенскім ветэрынарам авіяцыю.
Р.В. Абуховіч:
– У гэтым годзе правялі маштабную вакцынацыю на памежнай зоне з Літвой і Польшчай з выкарыстаннем авіяцыі.
Упершыню міністэрства сельскай гаспадаркі зладзіла такую маштабную акцыю.
Мы апрацавалі 20 000 квадратных кіламетраў з 25 000 кіламетраў тэрыторыі вобласці.
Гэта зроблена ў маі-чэрвені, у бліжэйшы час, зробім ацэнку эфектыўнасці. Правядзем кантрольны адстрэл лісіц і даследуем, як змянілася сітуацыя.
Сітуацыю з шаленствам адсочваюць і спецыялісты Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.
І.П.Літвін, загадчыца аддзяленнем эпідэміялогіі асабліва небяспечных інфекцый:
–Нягледзячы на больш складаную сёлетнюю сітуацыю з шаленствам сярод жывёл, колькасць грамадзян, якія пацярпелі ад жывёл з дыягназам “шаленства”, і колькасць тых, што звярнуліся ў медыцынскія ўстановы пасля кантактаў з “падазронымі” жывёламі, практычна не змянілася з мінулага году.
За першае паўгоддзе за антырабічнай дапамогай (прывіўкамі супраць шаленства) у Гродзенскай вобласці звярнуліся 1170 чалавек, толькі на 57 чалавек больш, чым у аналагічны перыяд мінулага году.
Непасрэдна з хворымі на шаленства жывёламі кантактавалі 177 чалавек.
Вось гэтая лічба ў 2,6 разы большая за мінулагоднія паказчыкі і наўпрост звязаная павелічэннем выпадкаў шаленства сярод жывёл.
На шчасце, выпадкаў захворвання на шаленства сярод жыхароў Гродзенскай вобласці няма.
За медыцынскай дапамогай звяртаюцца пераважна пацярпелыя ад хатніх катоў і сабак.
Ад дзікіх і сельскагаспадарчых жывёл церпяць менш за 10%.
alt=”Image 16497″ >
Курс лячэння вакцынай пачынаецца неадкладна, незалежна ад тэрмінаў звароту пацярпелага, нават калі пасля кантакта з жывёлай прайшло некалькі месяцаў.
Кожны пацярпелы ад агрэсіўнай жывёлы атрымлівае ўмоўны курс з трох прывівак: на першы, трэці і сёмы дні.
Калі жывёла хворая на шаленства альбо невядомая, імунізацыя праводзіцца поўным курсам, які складаецца з 6 прывівак.
Калі ж неадэкватна сябе павяла хатняя жывёла, за ёй цягам 10 дзён назірае ветэрынар.
Ад вынікаў назірання залежыць, колькі прывівак атрымае пацярпелы.
Хворая жывёла за гэты час загіне (канчаткова падцвярджае дыягназ спецыяльнае даследванне яе галаўнога мозгу), здаровая – застанецца жыць.
Таму не трэба спяшацца пазбаўляцца ад ката ці сабакі, якія павялі сябе падазрона.
Колькасць выпадкаў шаленства сярод жывёл у Беларусі летась павялічылася больш чым на 80%.
Удвая ўзрасла і колькасць пацярпелых ад іх нападаў людзей.
760 беларусаў па дадзеных толькі за 1 паўгоддзе рызыкавалі, сутыкнуўшыся з шалёнымі жывёламі, і захавалі жыццё толькі дзякуючы ўмяшальніцтву медыкаў. Адна жанчына ўсё ж загінула.
А ўсяго пасля кантактаў з агрэсіўнымі жывёламі да дактароў з студзеня да ліпеня звярнуліся 11334 чалавек.
Па дадзеных Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя шаленства найчасцей сустракаецца сярод лісіц, хатніх сабак і кошак.
Параўнальную статыстыку за 2010-2011 гады глядзі ў далучаным дакуменце.