“Нёман” узяў рэванш у сталічнага “Дынама”

|

Мінскае “Дынама”, якое 17 верасня выйграла на гэтым жа стадыёне ў гарадзенцаў у межах чэмпіянату (2-1) у першым тайме выставіла на поле не мацнейшы свой склад.

 

У прыватнасці, на поле не выйшлі бразільцы Фурлан і Леанарда, якія моцна “папсавалі кроў” гарадзенцам у двух папярэніх сустрэчах.

 

Ужо на другой хвіліне дзмітрый Кавалёнак пасля памылкі абаронцаў гасцей ледзь на адкрыў лік, але мяч праляцеў у лічаных сантыметрах ад штангі.

 

І далей перавагай валодалі гарадзенцы, якія з розных пазіцый абстрэльвалі браму былога аднаклубніка Аляксандра Сулімы. Вялікай пагрозы, аднак, гэтыя атакі не неслі.

 

У другой палове сустрэчы перавага гарадзенцаў, аднак, вылілася ў гол. Абаронцы гасцей неакуратна абыйшліся ў сваёй штрафной з Кавалёнкам і арбітр, нягледзячы на бурныя пратэсты дынамаўцаў, прызначыў пенальці.

 

Дзмітрый Лебядзеў прабіў бездакорна.

 

Трэнер гасцей Аўчыннікаў адразу ж кінуў у бой сваіх бразільцаў. На трыбунах трывожна зашумелі і недарэмна. Ужо праз 4 хвіліны мяч патрапіў да непрыкрытага анікім Леанарда, які адпасаваў на свайго суайчынніка Ледэсму і лік стаў роўным.

 

Перавага перайшла да гасцей.

 

Адразу прыгадалася апошняя сустрэча каманд, калі “Нёман” вёў у ліку, але ў выніку прайграў.

 

Гэтым разам, аднак, шчасце было на баку гарадзенцаў. За некалькі хвілін да канца сустрэчы брамнік гасцей выпусціў мяч з рук і капітан “Нёмана” Іван Дзянісевіч трапна прабіў па пустой браме.

 

Госці мелі шанс параўняць лік пасля памылкі Сучкова, які гэтым разам гуляў у абароне, але Леанарда з выгоднай пазіцыі прабіў міма. А ўжо ў дададзены час трое гарадзенцаў выходзілі на аднаго абаронцу “Дынама”, але змарнавалі выдатны шанс зрабіць “кантрольны стрэл”.

 

Перамога над “Дынама” гарантавала “Нёману” месца ў 1/4 Кубка Беларусі. Гульні гэтай стадыі адбудуцца ўжо вясной.

>

 

Магчымым супернікам каманды Сяргея Саладоўнікава можа стаць “Ліда”.

 

Сціплая каманда з трэцяй лігі перамагла ў гасцёх “Ведрыч-97” з лікам 2-1.

 

Апроч футбольных справаў трыбуны на стадыёне актыўна абмяркоўвалі і амаль поўную адсутнасць міліцыі.

 

Народ адразу пачаў жартаваць, што ўсе сілы кінутыя на маўклівую акцыю на Савецкай і цяпер можна без страху пляскаць у далоні на стадыёне ў сераду – не будзе каму затрымліваць…

 

21 верасня. 1/8 кубка Беларусі па футболе. “Нёман” – “Дынама”, Мінск 2:1

 

Фота Яраслава Ванюкевіча