На юрыдычным факультэце Купалаўскага ўніверсітэту адчынілася зала судовых паседжанняў
Зала судовых паседжанняў будзе выкарыстоўвацца не толькі для правядзення вучэбных судоў, але і для разгляду рэальных справаў. Адна з іх разглядалася ўжо ў дзень адкрыцця.
Удзел у адкрыцці залы браў пракурор вобласці Віктар Марозаў (на здымку ніжэй у цэнтры).
>
А затым студэнты, выкладчыкі і запрошаныя госці змаглі паназіраць за ходам сапраўднага судовага разбіральніцтва.
Разглядалася справа мужчыны, які па неасцярожнасці нападпітку забіў сваю маці.
Суд прыгаварыў яго да двух гадоў папраўчых прац.
Суд трансляваўся ў рэжыме онлайн ў актавую залу.
З дапамогай такой формы працы адміністрацыя факультэта спадзяецца зрабіць падрыхтоўку будучых юрыстаў больш якаснай і практыкаарыентаванай.
Кіраўніцтва факультэта плануе цеснае супрацоўніцтва з праваахоўчымі органамі, якія будуць прадастаўляць архіўныя матэрыялы справаў, на аснове якіх студэнты будуць праводзіць вучэбныя судовыя паседжанні ў гэтай самай зале ў фармаце, падобным на вядомае тэлешоў “Гадзіна суда”.
Сёння на юрыдычным факультэце навучаюцца 900 студэнтаў дзённай формы навучання (з іх 87 замежнікаў), 1023 завочнікі, 22 магістранты і 11 аспірантаў.
Фота Юрыя Іванюка