У Гродна будуць падведзеныя вынікі конкурса на лепшыя грамадскі сайт і грамадскую інтэрнэт-кампанію
Мэтай конкурсу з’яўляецца заахвочванне людзей да больш актыўнага ўдзелу ў паляпшэнні якасці жыцця нашага грамадства, папулярызацыя грамадска-карыснай дзейнасці грамадскіх арганізацый ды грамадскіх ініцыятываў.
Гэты конкурс – першая спроба выявіць найлепшы сайт, створаны грамадскімі арганізацыямі і ініцыятывамі Гарадзеншчыны, а таксама найлепшую рэгіянальную грамадскую інтэрнэт-кампанію.
За перамогу ў намінацыі “Лепшы інтэрнэт-рэсурс, які папулярызуе ідэю грамадскай актыўнасці” змагаюцца шэсць сайтаў, сярод якіх будуць вызначаныя два пераможцы.
Аднаго вызначыць прафесійнае журы, у склад якога ўвайшлі прызнаныя ў беларускай грамадзянскай супольнасці эксперты ў вобласці інтэрнэт-журналістыкі і сувязяў з грамадскасцю. Гэта Іван Праўдзін, Вольга Сацук, Паўлюк Быкоўскі і Вітаўт Руднік.
Другога пераможцу вызначаць інтэрнэт-карыстальнікі шляхам галасавання на інтэрнэт-пляцоўцы ГА “Цэнтр “Трэці сектар”.
Удзельнікі імпрэзы даведаюцца таксама, хто стане пераможцам у намінацыі “Лепшая грамадская ініцыятыва альбо грамадская інтэрнэт-кампанія, скіраваная на вырашэнне праблем грамадства, дапамогу людзям”.
У гэтай намінацыі за лідэрства змагаліся 8 ініцыятываў.
Праграма імпрэзы абяцае быць цікавай і насычанай. Кожны з канкурсантаў будзе мець магчымасць прэзентаваць сваю дзейнасць.
Усе намінанты будуць адзначаны памятнымі дыпломамі, а пераможцы атрымаюць каштоўныя прызы.
Таксама чакаецца выступ музыкаў і вялікі торт!
Цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца 27 верасня па адрасе вул.Будзёнага 48А, пакой 38 (4-ты паверх).
Пачатак: 18.00
Шчыра запрашаем!