Брашура Ігара Трусава пра страты гродзенскай архітэктуры праз тыдзень з’явіцца ў кнігарнях

|

Гэта чацьвёртая брашура з цыкла, задуманага аўтарам як дадатак да курса “Гродназнаўства”.

Гродзенскі гарвыканкам адукацыйны праект падтрымаў, але не грашыма, а тым, што размяркуе выданні Ігара Трусава па бібліятэках.

Сваім з’яўленнем у друку брашура “Архітэктура Гродна. Незаменныя страты 19-20 стагоддзяў” абавязана прыватнаму выдавецтву “ЮрСаПрынт”, гаспадары якога выдалі яе за ўласныя сродкі.

 

Зробленая па матэрыялах аднайменнай выставы брашура не прэтэндуе на паўнату асвятлення тэмы.

У ёй на 84 старонках адлюстраваны страты найбольш значных гарадскіх комплексаў.

Як сказаў Ігар Трусаў, “тое, што мы страцілі перш за ўсё праз натуральныя прычыны (пажары, войны і г. д.) і праз ненатуральныя – рашэнні ўладаў царскіх, кайзараўскіх.., потым польскіх.., потым першыя Саветы, … потым – артабстрэл 1944 года”.

 

 

Аляксандр Рыжы, адзін з гаспадароў “ЮрСаПрынт”:

Ёсць праблема: шмат хто з гродзенцаў не ўяўляе, як выглядаў горад раней.

Як, напрыклад, выглядала Савецкая плошча, калі яна яшчэ не была Савецкай? Некаторыя думаюць, што яна заўсёды была такой вялікай і пустой.

І ёсць такі гісторык, Ігар Трусаў, унікальны чалавек.

Мы практычна за год выдалі чатыры яго кнігі, якія распавядаюць пра наш горад: “Барыса-Глебская царква”, “Гродзенскія прыгарадныя каралеўскія рэзідэнцыі”, “Гродзенскія масты”, і гэтую, апошнюю.

Бяда ў тым, што амаль год “Гроднакніга” цягне з падпісаннем дамовы на рэалізацыю гэтых выданняў, таму распаўсюджвалі мы іх у асноўным на прэзентацыях. Цяпер, здаецца, праблема вырашаецца, і праз нейкі тыдзень, спадзяюся, кнігі Ігара Трусава з’явяцца ў кнігарнях.


Фота Яна Лялевіча