Жыровіцы – праваслаўная святыня Гродзеншчыны

| Без катэгорыі

Вёсачка Жыровіцы, якая месціцца на Гродзеншчыне, каля Слоніма, з’явілася яшчэ ў 15 стагоддзі, калі адбылося цудоўнае з’яўленне Найсвяцейшай Багародзіцы.

 

Мясцовыя пастухі заўважылі ў лесе яркі свет і на лясной грушы знайшлі маленькую ікону Маці Божай.

 

Гэтыя землі ў той час належалі літоўскаму падскарбію Аляксандру Солтану.

 

Па яго загаду на месцы з’яўлення была пабудавана царква, спачатку драўляная.

 

Праз некалькі год яна згарэла, але ікона засталася некранутай.

 

Царква была адноўлена ўжо іншым Солтанам – Янам.

 

Дарэчы, недалека ад Жыровіц захаваліся таксама руіны ад былой сядзібы Солтанаў: частка сцен, падмуркі і парадная лесвіца.

 

А каля сядзібы вельмі прыгожы яблыневы сад. На жаль, яблыні гэтыя спілоўваюць, а каля руінаў пабудавалі ферму.

 

 

Але вернемся ў Жыровіцы.

 

Драўляная царква была перабудавана ў мураваную новым ўладаром Янам Мялешка.

 

Так быў закладзены Успенскі сабор.

 

>

 

Той жа Мялешка запрасіў сюды базыліян і адкрыў для іх манастыр.

 

І толькі з канца 19 стагоддзя манастыр знаходзіцца ў распарадженні праваслаўнай царквы.

 

У той жа час Успенскі сабор набыў сучасны выгляд.

 

Зараз ў ім знаходзіцца тая самая ікона, памерам з дзіцячую далонь, з рэльефна выбітным на яшмавым камяні абліччам Маці Божай з дзіцём на правай руцэ.

 

Яна змяшчаецца ў іканастасе храма на дошцы, у сярэдзіне вялікага ладу, які паказвае Найсвяцейшую Тройцу і некаторых святых.

 

 

Далей за саборам, унутры манастыра – утульны манастырскі дворык.

 

Нягледзячы на вялікія натоўпы паломнікаў ды турыстаў, тут заўседы атмасфера спакою, дзе знаходзіць прытулак сэрца, а ў галаве гучыць верш Ларысы Геніюш:

 

Жыровіцы – святы для нас куточак,

 

Дзе дрэвы ў неба вежы ўзнялі,

 

На дрэве Маці Божай абразочак

 

Благаслаўленне для маей зямлі.

 

 

На тэрыторыі манастыра знаходзіцца яшчэ Богаяўленская царква.

 

А за ёй на пагорку – Свята-Крыжаўзвіжанская царква.

 

 

Па суседству з манастыром месцяцца Мінскія духоўныя акадэмія і семінарыя, зноў адчыненыя і адноўленыя ў 1989 годзе.

Зараз тут навучаецца каля 200 будучых святароў.

 

Недалека ад манастыра есць святыя крынічкі, Старая і Новая, як кажуць паломнікі.

 

 

Да іх можна прайсці пешшу, папіць святой вадзічкі ці тры разы акунуцца ў ледзяной купелі.

 

Нават, у маразы не захварэеш. Наадварот, толькі напоўнішся сіламі, каб зноў вярнуцца ў вір гарадскога жыцця, з адчуваннем, што ў гэтым месцы ты стаў трошкі чысцейшым, трошкі бліжэй да Бога.

 

Фота аўтара


Глядзіце Мапу падарожжаў “Твайго стылю” у вялікім памеры