Беларускія эколагі звярнуліся да прэзідэнта Расіі

|

Расійскі ўдзел у будаўніцтве АЭС на Астравецкай пляцоўцы аўтары звароту разглядаюць як несяброўскі крок у дачыненні да народаў Беларусі і суседніх з ёю краін.

Беларускія эколагі падкрэсліваюць, што былі вымушаныя звярнуцца да прэзідэнта Расіі, таму што беларускія ўлады ігнаруюць меркаванні незалежных экспертаў і эколагаў.

Падставай для звароту стала зацверджанне Астравецкай пляцоўкі для будаўніцтва АЭС  ва ўсказе №418, падпісаным Аляксандрам Лукашэнка на мінулым тыдні.

 

Падпісанне Указа без уліку аргументаў навукоўцаў, экспертаў, шматразовых просьбаў Літвы, на думку адказнага сакратара Грамадскай экалагічнай экспертызы беларускай АЭС Тацяны Новікавай, – парушэнне міжнародных абавязацельстваў Беларусі і выклікае непакой адносна бяспекі будучай станцыі.

 

У прэс-рэлізе аўтараў звароту адзначаецца, што беларускі прэзідэнт “праігнараваў меркаванне шэрагу беларускіх і замежных экспертаў аб недапушчальнасці размяшчэння АЭС у Астравецкім раёне, у непасрэднай блізасці ад заказнікаў, ад курортнай зоны краіны і менш чым у 50 кіламетрах ад сталіцы іншай дзяржавы.

Праігнараваныя высновы спецыялістаў і аб эканамічных, тэхнічных, юрыдычных і іншых праблемах праекта беларускай АЭС”.


Беларускія эколагі папярэджваюць Д.Мядзведзева, што “беручы ўдзел у такім канфліктным прадпрыемстве, Расія рызыкуе падзяліць з Беларуссю імідж краіны, якая папірае прынцыпы дэмакратыі і добрасуседства ў прыняцці экалагічна значных рашэнняў”.

 

Зварот падпісалі Міжнародная група “Экаабарона”, грамадскае аб’яднанне “Экадом”, Беларуская партыя “Зялёныя”, Рэгіянальная грамадская кампанія “Астравецкая атамная – гэта злачынства!”, Камісія грамадскай экалагічнай экспертызы беларускай АЭС, Аргкамітэт стварэння Руху “Навукоўцы за без’ядзерную Беларусь”.

 

Сустаршыня Рады ГА “Экадом” Ірына Сухій:

Сваім зваротам мы імкнемся максімальна звярнуць увагу не толькі прэзідэнта , але і шырокай грамадскасці, і тых, хто прымае рашэнні, на сітуацыю.

Несур’ёзна разлічваць, што на падставе нашага звароту прэзідэнт Расіі адмовіцца ад сваіх планаў, але мы выкарыстоўваем усе сродкі, каб не дапусціць гэтага будаўніцтва, бо, з нашага пункту гледжання, гэта і экалагічна небяспечна і эканамічна немэтазгодна.

Увогуле бесперспектыўна рухацца ў кірунку развіцця атамнай энергетыкі.

Гэта паказваюць нават падзеі апошняга года ў Японіі, Францыі.

Свет паступова адмаўляецца ад будаўніцтва АЭС.

 

Будаўніцтва катлавана пад закладку першай беларускай АЭС мусіць распачацца ў верасні. Увод першага блока Астравецкай АЭС запланаваны на 2017 год.

Пагадненне паміж  урадамі Беларусі і Расіі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС на тэрыторыі Гродзенскай вобласці 15 верасня накіраванае на ратыфікацыю ў Палату прадстаўнікоў.

Літва прапанову аб сумесным будаўніцтве АЭС адхіліла.

Беларуска-Расійскія перамовы па крэдытах і кантрактах на будаўніцтва працягваюцца.

Беларускія эколагі неаднаразова выступалі з адкрытымі зваротамі і заклікамі адмовіцца ад будаўніцтва АЭС на Астравецкай пляцоўцы, да таго ж

папярэдвжалі пра высокую рызыку карупцыі падчас рэалізацыі праекта беларускай АЭС, не кажучы ўжо пра рызыку для здароўя насельніцтва.

 

Поўны тэкст звароту беларускіх эколагаў да прэзідэнта Расіі – у дадатку.