У Гродна агітавалі за адмену візаў
Кампанія “У Беларусь і Еўропу – БЕЗ ВІЗЫ!” распачалася ў канцы сакавіка 2011 году.
Сярод яе ўдзельнікаў – шэраг беларускіх і замежных арганізацый і даследчых інстытутаў (Рух “За свабоду”, “Наш дом”, літоўскія Belarus Watch і Беларускі Дом правоў чалавека ў выгнанні ў Вільні і інш.).
Абодва прадстаўленыя гарадзенцам фільмы былі знятыя якраз у межах гэтай кампаніі.
Першы фільм – “Падзеленая сям’я”- гісторыя сям’і, якая праз створаны штучны бар’ер – візавы рэжым- не мае магчымасьці аб’яднацца.
У Беларусі жывуць бацькі, ужо даволі сталыя людзі, а дачка са сваёй сям’ёй – у Вільні.
Адстаяць чэргі ў консульстве, зрабіць усе патрэбныя дакументы для сталых людзей даволі праблематычна.
А для дачкі і яе сям’і атрымаць візу ў Беларусь яшчэ складаней.
Другі фільм – “Прастора Яны”- гісторыя маладой і таленавітай дзяўчыны, якая не мае магчымасьці да творчага развіцця і супрацоўніцтва з людзьмі з іншых краін, бо не можа атрымаць візу.
У яе столькі планаў, столькі жаданняў, але візавы бар’ер кожны раз ўносіць свае карэктывы.
Ганна Пазняк, Belarus Watch:
– Гісторый, падобных да тых, што адлюстраваны ў фільмах, вельмі шмат.
Амаль што кожны сутыкаўся з праблемамі атрымання візаў, ці звяртаў увагу на вялізарныя чэргі каля літоўскага ці польскага консульстваў.
Гэтыя фільмы, знятыя па рэальным гісторыям, адлюстроўваюць тое, што візавы рэжым – рэальная перашкода ў сямейных, эканамічных, культурных і іншых кантактах. А беларускія ўлады не спяшаюцца нічога прадпрымаць.
У межах кампаніі ў траўні распачалася таксама фота- акцыя Belarus Watch: “БЕЗ ВІЗЫ!” за адмену візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўропай.
Ідэя гэтай акцыі – сабраць як мага больш фотаздымкаў людзей, якія зацікаўлены выказаць свае меркаванне аб існуючым візавым пытанні, і з дапамогай гэтых фотаздымкаў пазнаёміць Еўропу з праблемай візавых бар’ераў.
Гэта акцыя прыцягне ўвагу еўрапейскай грамадскасці ды дасць магчымасць беларусам скарыстацца іх правам на публічны выраз сваіх меркаванняў.
>
Першая ў Беларусі прэзентацыя фільмаў не сабрала шмат удзельнікаў, але арганізатары плануюць, што наступныя кіна-прагляды будуць прыцягваць ўсе больш і больш людзей.
Фота аўтара