Аляксандр Козыраў: “Калі б не мама, то даўно б кінуў усё»
-Музыка прыцягвала цябе з дзяцінства ці схільнасць да яе з’явілася пазней?
-Музыкай захапляўся з дзяцінства, вучыўся ў музычнай школе. У агульнаадукацыйнай – вучыўся у тэатральным класе, у школе не было аніводнаго канцэрту, дзе б я не прыняў удзелу.
Там жа стварылі свой гурт з сябрамі, хадзілі на вакал, спявалі песні любімай тады намі групы «Шматкроп’е».
У той жа час пачыналі пісаць ужо і свае тэксты.
-Раскажы, у якіх конкурсах ты ўдзельнічаў, і якія прызавыя месцы ты займаў?
-Усё і не ўспомніць. А з прызавых месцаў памятаецца конкурс «Арт-вакацыі», дзе заняў 1-е месца, і «Залатая ліра 2009», дзе таксама заваяваў золата.
-У Гродне ты выступаў на многіх мерапрыемствах, а выступаў ці ў іншых гарадах?
– Мерапрыемствы, як і конкурсы, усе не пералічыць, аж занадта іх было. Я нават выступаў у вёсках, мы з камандай амаль па ўсёй Гродзенскай вобласці пакаталіся (смяецца).
У сталіцы выступаў толькі на конкурсах.
-Ты аддаеш перавагу ўласным песням альбо выкананню песняў іншых выканаўцаў?
– Я заўсёды выконваў толькі свае песні, але, па праўдзе кажучы, удзельнічаў у вакальным ансамблі, і там пра свае песні не магло быць і гаворкі.
А яшчэ год спяваў у прафесіанальным хоры царкоўнай музыкі, спяваў барытонам.
-Якія ў цябе ёсць захапленні акрамя музыкі?
– Я чалавек актыўны, творчы, таму і захапленняў было шмат. На 2-м курсе каледжа працаваў вядучым ў клубе «Stop Line». На 3 курсе патрапіў у асноўны склад «Імпульсу», школы танцаў, здаецца, мы нават ездзілі ў Мінск на спаборніцтвы.
У 2009-м годзе вырашыў паспрабаваць сябе, як мадэль, і пайшоў у мадэльную школу Сяргея Нагорнага.
У снежні 2009-м з цырульнікам Андрэем Пратапопавым, чэмпіёнам Беларусі ў цырульным мастацтве, ездзіў на спаборніцтвы, дзе занялі 1-е месца.
Я быў мадэллю па прычосцы.
-Як ставяцца твае блізкія да тваіх выступаў і музыкі наогул?
-Блізкія заўсёды падтрымлівалі мяне ва ўсіх пачынаннях. Асабліва я ўдзячны маме, калі б не яна, то даўно б кінуў усё.
-Ты працаваў дыджэем ў клубе “Калізей”. Ці працуеш яшчэ ў клубах у гэтай якасці?
– Так, вы маеце рацыю. Круціць «плыты» была мая дзіцячая мара, якая нечакана для мяне ажыццявілася. Цяпер гэтым не займаюся…
Паглядзім, можа калі-небудзь і вярнуся да гэтага зноў.
>
-Што бы ты пажадаў маладым музыкам, якія толькі пачынаюць свае музычны шлях?
– Кідаць гэта ўсё хутчэй! Вядома, гэта жарт. Вельмі важная праца – трэба абавязкова сядзець і пісаць свае тэксты песень. І не спадзявайцеся, што прыйдзе «дзядзька прадзюсер» і прасуне вас у шоў-бізнэс. Такога не бывае, ды й не будзе.
Творчая праца складаная і малааплочваемая. Часта за яе ўвогуле не плацяць.