У Гродна адбылася прэзентацыя адукацыйных і асветніцкіх праграм

|

Асноўную колькасць удзельнікаў складалі людзі сталага ўзросту, якіх цікавіла найперш прадстаўленне праграмы заняткаў у межах ужо добра вядомага ў горадзе “Універсітэта Залатога Веку” (УЗВ).

Апроч прэзентацыі УЗВ, былі прадстаўленыя іншыя праграмы і праекты, якія ладзяцца гарадзенскімі грамадскімі аб’яднаннямі.

 

Так, грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” прадставіла “Школу маладога журналіста”, “навучальную Экалагічную студыю”, плануемыя ў партнёрстве з іншымі арганізацыямі курсы для маладых прадпрымальнікаў.

 

Грамадскае аб’яднанне маладых навукоўцаў “ВІТ” прадставіла ідэі сваіх навучальных гурткоў для дарослых: “Гісторыя і культура Гродна”, “Фінансавая пісьменнасць”, “Магчымасці самарэалізацыі праз інтэрнэт”.

Многія з удзельнікаў прэзентацыі пасля яе сканчэння падалі заяўкі на ўдзел у прадстаўленых на сустрэчы гуртках і курсах.

>

Прэзентацыя адукацыйных і асветніцкіх праграм адбывалася ў межах агульнабеларускага Тыдня нефармальнай адукацыі, які праходзіць з 24 верасня па 4 кастрычніка ў розных гарадах краіны.