У Варшаве адбываецца выстава “старажытных фота” гарадзенскай мастачкі
Называецца яна “гумойль” і палягае на нанясенні святлоадчувальнай эмульсіі на паперу і на апраменьванні пазітыва ўльтрафіялетавым святлом.
Анастасія Бурак:
– Я хацела прадэманстраваць людзям менавіта гэтую старую фотаграфічную тэхніку.
Усю працу трэба выконваць рукамі, гэта займае шмат часу. Гэтая тэхніка спадабаецца тым фотамайстрам, якія любяць падоўгу і скрупулёзна працаваць над здымкамі.
Спачатку я раблю эмульсію, якая рэагуе на сонечнае святло і вырабляю негатыў.
Потым на яго я накладваю масляную фарбу і атрымліваю пазітыў.
>
Анастасія Бурак нарадзілася ў Гродна, цяпер навучаецца ў Еўрапейскай акадэміі фатаграфіі ў Варшаве. Дзяўчына ўпэўнена, што на выставе ў сталіцы Польшчы яна мае шанс быць заўважанай:
– На мае працы ўжо з’явілася некалькі кліентаў. Адна жанчына пыталася, дзе можна навучыцца гэтай тэхніцы. Людзі вельмі зацікаўленыя, таму што такая тэхніка вельмі рэдкая, а працы выглядаюць вельмі цікава – кажа Анастасія.
Словы фотамастачкі пацвярджае і мастацтвазнаўца з Варшавы Сільвія Цывіньска, якая наведала выставу:
– Гэтыя працы вельмі ўдалыя і прыгожыя. Пра іх вельмі добра выказваюцца і наведнікі выставы і спецыялісты. Яны падабаюцца і мне асабіста. З вялікім задавальненнем павесіла б адну з іх у маёй кватэры”.
Галоўная мара беларускай фотамастачкі – зарабляць на жыццё, працуючы ў жанры фатаграфіі.
Дзяўчына шчыра спадзяецца, што яе працы будуць справядліва ацэненыя і што яны прынясуць сапраўднае задавальненне тым, хто знаецца на мастацтве.