Гродзеншчына з помпай святкуе юбілей расійскай каланізацыі
У горад над Нёманам з’ехаліся нашчадкі губернатара Міхаіла Асаргіна і паэта Адама Міцкевіча, захавальнікі спадчыны расійскага неліберальнага рэфарматара Пятра Сталыпіна. Завітаў у Гродна і расійскі пасол Сурыкаў (на здымку ў цэнтры).
На факультэце гісторыі і сацыялогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшла прэзентацыя выставы «Гродзенская губерня ў дакументах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў горадзе Гродна».
Сярод іх дакументы 1801-га аб утварэнні пяці губерняў, у тым ліку і Гродзенскай, пратакол, датаваны 1892 годам, аб дазволе шведскаму падданаму пабудаваць цырк у Гродна і пратакол 1915-га аб дазволе двараніну Завістовскому стварыць у горадзе кінатэатр.
Ёсць дакумент аб адкрыцці ў Гродна алоўкавай фабрыкі і ўстаўная грамата маёнтка Грандзічы.
Можна ўбачыць таксама штатны расклад працы чыноўнікаў.
Асобна прадстаўлены матэрыялы часоў расійска-французскай вайны 1812 года, выпускі «Гродзенскіх губернскіх ведамасцяў» розных гадоў. Яшчэ адну выставу падрыхтаваў аддзел краязнаўства абласной бібліятэкі імя Карскага.
Тут захаваліся шматлікія губернскія штогоднікі-справаздачы, з якіх можна даведацца шмат цікавага з жыцця губерні з 1879 па 1913 гады. У музеі гісторыі рэлігіі выстаўленыя партрэты кіраўнікоў губерні і вобласці.
Напісаны яны мастаком Уладзімірам Качаном. 23 карціны — ад першага губернатара Дзмітрыя Кошалева, які кіраваў новаўтворанай губерняй з 1801 па 1803 гады, да нашых сучаснікаў: забіты пры нявысветленых абставінах Дзмітрый Арціменя, Сямён Домаш, Аляксандр Дубко, Уладзімір Саўчанка.
>
Партрэты адлюстроўваюць дух свайго часу і адначасова аб’яднаныя агульнай ідэяй.
Прайшоў у Гродне і круглы стол, прысвечаны Пятру Сталыпіну.
Гэты будучы прэм’ер-міністр Расіі пэўны час кіраваў Гродзенскай губерняй.
На будынку аблвыканкама адкрылі памятную шыльду Сталыпіну — вядома, па-расейску.
Дадамо, што на гэтым жа будынку знаходзіцца і мемарыяльная дошка ў гонар аднаго з ідэолагаў бальшавіцкага тэрору Фелікса Дзяржынскага.
Беларускія ўлады пакуль так і не разабраліся, каго ім найперш ушаноўваць: ці то “герояў-бальшавікоў”, якія прынеслі вызваленне беларускаму народу, ці то царскіх чыноўнікаў, якія таксама дбалі пра “славянскае адзінства”.
Паводле “Нашай Нівы”
Фота: “Гродзенская праўда”