Беларусы, літоўцы і расіяне аб’яднаюць намаганні ў барацьбе супраць АЭС
Мэта дэкларацыі – дамагчыся, каб Беларусь, Літва і Калінінградская вобласць Расіі сталі на без’ядзерны шлях развіцця.
Урады трох краін Балтыйскага рэгіёну прынялі рашэнні аб будаўніцтве трох АЭС у непасрэднай блізкасці ад межаў іншых дзяржаў і на адлегласці не больш за 350 кіламетраў адна ад адной.
У дэкларацыі, падпісанай удзельнікамі кампаніі “За без’ядзерны рэгіён!” 30 верасня ў Вільнюсе, выказваецца ўпэўненасць, што гэтыя краіны могуць ісці па шляху ўстойлівага без’ядзернага развіцця, бо ў свеце ёсць краіны, якія дасягнулі высокага ўзроўню дабрабыту грамадзян і тэхналагічнага развіцця, адмовіўшыся ад ядзернай энергетыкі.
У якасці прыкладаў прыводзяцца Нарвегія, Данія, Аўстрыя, Італія.
Удзельнікі кампаніі абвясцілі, што будуць супрацьдзейнічаць будаўніцтву АЭС рознымі метадамі: збіраць подпісы, дамагацца правядзення нацыянальных рэферэндумаў, выступаць з заканадаўчымі ініцыятывамі, патрабаваць уліку думкі грамадзян у адпаведнасці з Орхускай канвенцыяй.
Гэтыя дзеянні будуць адначасова праводзіцца ў трох краінах.
Эколагі ўпэўненыя, што будоўлі, супраць якіх выступае большасць насельніцтва рэгіёна, можна спыніць.
Паводле http://naviny.by
Фота з сайта http://new.nnov.org