Супраць браканьераў у Гродзенскай вобласці распачатыя 2 крымінальныя справы

|

Як паведамілі “Твайму стылю” ў інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету, у 25 выпадках парушэнні тычыліся правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства.

2 верасня інспектары затрымалі браканьераў у 15 кіламетрах ад в.Азёры ў гаі “Святое балота”.

Каля 9 гадзін супрацоўнікі Інспекцыі звярнулі ўвагу на аўтамабіль Мерседэс, які імчэў з вялікай хуткасцю.

У машыне знаходзіліся 2 чалавекі.

 

Падчас дагляду ў багажніку знайшліся 3 забароненыя для выкарыстання сеткі з лескі.

Знайшлася і рыба: 14 лінёў і 62 залатыя карасі.

Агульная вага здабытай браканьерскім спосабам рыбы – некалькі дзесяткаў кілаграм, а памер страт, якія панесла навакольнае асяроддзе, ацэнены ў больш чым 5 мільёнаў рублёў.

 

20 верасня ў 22 гадзіны ў Наваградскую міжраённую інспекцыю паступіла паведамленне аб тым, што каля в.Падбярэззе невядомыя ловяць рыбу з выкарыстаннем электралавільнай устаноўкі.

Начальнік Наваградскай раённай інспекцыі выехаў на затрыманне парушальнікаў разам з супрацоўнікамі ДАІ.

Аўтамабіль “Фальсваген Пасат” затрымалі.

Трое жыхароў Наваградка без пэўных заняткаў везлі ў ім электралавільную ўстаноўку з акумулятарам і мех з 15-цю фарэлямі, занесенымі ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

На месца здарэння была выклікана следча-аператыўная група.

Гэтым разам страты навакольнага асяроддзя ацэнены ў 15 мільёнаў 750 тысяч рублёў.

 

У абодвух выпадках распачатыя крымінальныя справы.

Браканьерам пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.