Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі аб’яднаецца ў малітве праз мабільны тэлефон
7 кастрычніка ў 20.00 малітву на ружанцы ў Гродзенскім катэдральным касцёле ўзначаліць кс.біскуп Аляксандр Кашкевіч.
У гэты ж час моладзь збярэцца на малітву яшчэ ў чатырох касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі: Святой Сям’і (Ліда), св.Вацлава (Ваўкавыск), св.Тэрэзы Авільскай (Шчучын), св.Міхала Арханёла (Смаргонь).
Ініцыятыва малітоўнай акцыі зыходзіць ад душпастыра гродзенскай каталіцкай моладзі кс.Антоні Грэмза і саміх маладых каталікоў.
Кс.Антоні:
– Кожны горад у гэтай малітве будзе мець сваю таямніцу.
Сувязь будзем трымаць праз мабільны тэлефон: уключым функцыю “прэс-канферэнцыя” і гучную сувязь.
Праз гэтую акцыю хочам заахвоціць моладзь да малітвы.
Ружанец – духоўная медытацыя над сваім жыццём, яго карэкціроўка паводле Евангелля, жыцця Езуса і Марыі.
Праз малітву на ружанцы мы вучымся быць Божымі людзьмі.
Кастрычнік у Каталіцкай Царкве традыцыйна прысвечаны ружанцовай малітве.
Ружанец мае 4 часткі, у кожную з якіх уваходзіць па 5 таямніц, звязаных з падзеямі жыцця Езуса Хрыста альбо Багародзіцы.
Падчас малітвы на ружанцы вернікі разважаюць над кожнай з гэтых падзей і ў вызначаным парадку паўтараюць малітвы “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”