184 тысячы жыхароў Гродзенскай вобласці прывіліся ад грыпу

|

Бясплатная вакцынацыя дзяцей і дарослых вакцынай кітайскай вытворчасці “Флюваксін” ва ўсіх паліклініках і сельскіх амбулаторыях распачалася з 7 верасня.

У першую чаргу прывіўкі робяцца тым, хто стаіць на дыспансерным уліку з хранічнымі захворваннямі, медыкам, супрацоўнікам навучальных і дзіцячых установаў, дзецям.

Гэтых людзей на вакцынацыю запросіць участковы тэрапеўт.

 

Зрабіць платную прывіўку ў гарадской паліклініцы зможа кожны ахвотны пасля накіравання тэрапеўта.

Гродзенскае РУП “Фармацыя” паведамляе, што прывіўкі ў Гродне робяцца расійкай і кітайскай вакцынай, у меншай колькасці павінна з’явіцца вакцына французскай і нідэрландскай вытворчасці.

 

Атрымаць у рэгістратурах гродзенскіх паліклінік інфармацыю пра кошт прывіўкі і краіну-вытворцу вакцыны аказалася не так проста.

З усімі пытаннямі карэспандэнта “Твайго стылю” перанакіроўвалі ў касы, якія пасля 16 гадзін ужо не працавалі.

У рэгістратуры паліклінікі №2 размова ўвогуле была кароткая: “Нічога не ведаем. Мы сабе прывіўкі не робім, каса ўжо не працуе, а больш вам ніхто нічога не скажа”.

У паліклініцы № 1 прывіўкі робяць вакцынай расійскай вытворчасці коштам каля 34 тысяч рублёў.

Расійская вакцына (за 36 тысяч) у паліклініцы №3.

У паліклініцы №6 прывівалі кітайскай вакцынай коштам каля 31 тысячы.

 

Па дадзеных на 5 кастрычніка прывіўкі зробленыя 17,2% ад запланаванай у Гродзенскай вобласці колькасці  насельніцтва.

Да 1 лістапада вакцынацыя груп рызыкі павінна быць завершна.

 

Вакцынацыя застаецца найбольш эфектыўным сродкам абароны ад грыпу.

Захварэць можна і пасля прывіўкі, аднак у гэтым выпадку захворванне пераносіцца лягчэй, рэзка зніжаецца рызыка развіцця ўскладненняў.

Паводле гродзенскіх эпідэміёлагаў, найбольш верагодныя тэрміны эпідэміі грыпу ў Гродне  –  канец студзеня-люты.