Сваякі загінулых у фашысцкім палоне гродзенцаў атрымаюць магчымасць наведаць іх магілы

|

На сустрэчы ў Гродзенскім аблвыканкаме сабраліся сваякі загінулых у палоне ўраджэнцаў Гродзенскай вобласці, прадстаўнікі аб’яднання “Саксонскія мемарыялы”, супрацоўнікі УКДБ па Гродзенскай вобласці, Цэнтральнага архіва КДБ.

Сустрэча адбылася ў межах міжнароднага даследніцкага праекта “Савецкія і нямецкія ваеннапалонныя і інтэрнаваныя”.

За дзевяць год рэалізацыі праекта беларускія даследчыкі апрацавалі больш за 25 тысяч трафейных нямецкіх картак, якія ўтрымлівалі звесткі прыкладна на 15 тысяч беларусаў, што загінулі ў фашысцкім палоне.

Дзякуючы гэтаму многія сем’і даведаліся пра лёс сваіх блізкіх, якія дзесяцігоддзямі лічыліся зніклымі без звестак, сярод іх – больш за 200 загінулых з Гродзеншчыны.

На сённяшняй сустрэчы надзвычайны і паўнамоцны пасол ФРГ Крыстаф Вайль паабяцаў родным ваеннапалонных, якія захочуць наведаць магілы загінулых блізкіх, бясплатныя візы па першай просьбе.

Сваякі савецкіх салдат з Мінскай, Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей таксама атрымалі копіі нямецкіх архіўных дакументаў.

Праца па высвятленні лёсаў беларускіх ваеннапалонных працягваецца.