Сёння ў свеце адзначаецца дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання

|

Сёлета ў сярэдзіне ліпеня былі расстраляныя Алег Грышкаўцоў і Андрэй Бурдыка, прысуджаныя 14 траўня 2010 году да смяротнага пакарання за злачынствы, здзейсненыя у час узброенага нападу на кватэру ў Гродна ў кастрычніку 2009 г.

 

Прысуд быў выкананы, нягледзячы на разгляд гэтай справы ў Камітэце ААН па правах чалавека, што парушае міжнародныя пагадненні, падпісаныя нашай краінай.

 

Звычайна, кажучы аб смяротнай кары, праваабаронцы называюць стандартны набор аргументаў “супраць”: неадпаведнасць гэтага віду пакарання стандартам правоў чалавека, нялюдскасць нацыянальнай працэдуры смяротнага пакарання, сакрэтнасць, якая суправаджае ўвесь працэс.

 

У Гродна мерапрыемствы да Сусветнага дня супраць смяротнага пакарання рыхтуе “Гарадзенская Вясна”.

 

Кажа Уладзімір Хільмановіч (на здымку злева), публіцыст, грамадскі праваабаронца:

 

align=”left” >- Гарадзенская вясна будзе распаўсюджваць інфармацыйныя матэрыялы. Асабіста я даўно супраць смяротнага пакарання, зыходзячы з розных меркаванняў:  – найперш з хрысціянскіх – чалавек не мае права забіраць ў іншага жыццё, якое дае Бог,  –  па-другое, з-за памылак, якія можа дапускаць кожная судовая сістэма.

 

Нават у дасканалай судовай сістэме Амэрыкі 8 чалавек за 50 гадоў дваццатага стагоддзя былі пакараныя памылкова.

А ў посттаталітарных умовах, калі ў краіне (Беларусі) разгортваюцца палітычныя рэпрэсіі – тым больш, бо няма нават інстытуту прысяжных, няма ўвогуле незалежнага суду.

 

Даведка ТС:

 

Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання быў абвешчаны ў 2003 г. па ініцыятыве Сусветнай арганізацыі праціўнікаў смяротнага пакарання.

 

У 2007 г. Камітэт міністраў рады Еўропы вырашыў заснаваць Еўрапейскі дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка.

 

Па дадзеных міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя” сёння 2/3 краін свету выключылі смяротнае пакаранне ў заканадаўчым парадку альбо не ўжываюць яго на практыцы.