Гродзенскі праваабаронца пакараны штрафам
Віктар Сазонаў быў затрыманы 23 жніўня ў час раздавання жыхарам гораду над Нёманам бюлетэняў і ўлётак пра ўтрыманне за кратамі лідара праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага.
У той жа дзень у працоўным памяшканні Сазонава быў праведзены ператрус, забраныя два сістэмныя блокі кампутараў, кашулькі з выявай Бяляцкага, розныя інфармацыйныя выданні, праваабарончая літаратура.
Пазней быў складзены пратакол па артыкуле Адміністрацыйнага кодэксу нібыта за незаконны выраб і незаконны распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі.
Судовы разгляд справы суддзёй Ксеніяй Стасюкевіч пачаўся яшчэ 21 верасня, але быў перанесены ажно на 10 кастрычніка.
Сёння Віктара Сазонава засудзілі да штрафу – ён мусіць выплаціць 21 базавую велічыню.
Праваабаронца не згодзен з прысудам, ён лічыць, што, паводле Канстытуцыі, кожны грамадзянін краіны мае права на атрыманне і вольны распаўсюд інфармацыі.