Дзмітрый Кузняцоў: фатограф – гэта такая ж праца, як і ўсе астатнія

|

Ён імкнецца вучыцца ў больш дасведчаных майстроў і адначасова дадаваць у фотаздымкі нешта свае. Знаёмцеся – малады гарадзенскі фатограф Дзмітрый Кузняцоў.

– Маё захапленне фатаграфіяй пачалося яшчэ ў дзяцінстве – распавядае Дзмітрый. Кожны раз, калі ў мяне была магчымасць узяць у рукі камеру – я рабіў гэта.

 

І вось на пятым курсе універсітэта ў мяне паўстаўла пытанне, а чым жа заняцца?

 

Волей лёсу мой сябар у той жа самы час купіў сабе фотаапарат, і, вядома, імгненна заразіў мяне той жа ідэяй. Гэта зусім не азначае, што я тут жа стаў фатографам.

Каля паўгода я старанна чытаў пра фотамастацтва ўсё, што траплялася пад руку. І для практыкі фатаграфаваў усё навокал, абапіраючыся на заданні з дапаможнікаў.

>

– Фатограф – будучая прафесія або часовае захапленне?

– Фатаграфія зараз, гэта, хутчэй захапленне, якое паступова перарастае ў маю будучую прафесію.

– Дзмітрый, Вы лічыце сябе пачаткоўцам ў фатаграфіі альбо чалавекам, які ўжо спраўдзіў сябе як фатограф?

– Пачаткоўцам ў гэтай сферы сябе не лічу, але і сур’ёзным прафесійным фатографам назваць сябе язык не паварочваецца назваць. Праўда недзе пасярэдзіне. Я ж яшчэ вучуся і яшчэ шмат чаму павінен навучыцца.

– Што Вас натхняе на тую ці іншую фотаздымку? Адкуль бяруцца ідэі?

– Мне проста падабаецца фатаграфаваць і атрымліваць вынік, які падабаецца мне і іншым людзям.

Ідэі бяруцца, у асноўным, спантанна альбо запазычаюцца ў прызнаных майстроў. Але я ніколі не капіюю усё да дробязяў, наадварот, дадаю сваё.

– Хто мадэлі Вашых фотаздымкаў?

– З усіх, каго я фатаграфаваў, сапраўдных мадэляў можна пералічыць па пальцах. У асноўным гэта звычайныя дзяўчыны з звычайнага жыцця.

– У якім жанры Вы любіце здымаць і што прыцягвае Вас у гэтым жанры?

– Як я ўжо казаў, спачатку здымаў усё запар – ад заходаў сонца і птушачак да фота ў макра-рэжыме. Але паспрабаваўшы здымаць партрэты людзей, зразумеў, што гэта маё, тое, што мне падабаецца найбольш.

Безумоўна, падабаецца знаёміцца ​​з новымі асобамі, і наогул, я заўсёды вельмі рады, калі потым сумесная праца перарастае ў цёплыя сяброўскія адносіны.

– Вы зарабляеце на фотаздымках?

– Як і шмат хто, напэўна, пачынаў я з таго, што фатаграфаваў абсалютна бясплатна, але з часам прасіў кліентаў хаця б аплочваць мінімальныя выдаткі.

А цяпер ёсць некалькі камерцыйных праектаў, якія дазваляюць мне ў вольны час ізноў жа фатаграфаваць бясплатна, так бы мовіць для душы.

Фатаграфія для мяне, адназначна, не толькі крыніца прыбытку, бо інакш я стаў бы проста “вясельным” фатографам (заўв. – фатаграфаванне вяселляў – асноўны прыбытак многіх фатографаў, а некаторыя і зусім пераключаюцца толькі на гэты жанр здымкаў).

Фота хутчэй крыніца пазітыўнай энэргіі і менавіта таму жадаю ўсім займацца толькі тым, што любіш.

– Як блізкія людзі ставяцца да Вашага захаплення фатаграфіяй?

– А мае блізкія яшчэ не вераць, што я не буду працаваць па спецыяльнасці (заўв. – скончыў БНТУ (Палітэх), але паступова да іх прыходзіць усведамленне таго, што фатограф – гэта такая ж праца, як і ўсе астатнія.

– Што Вы параіце маладым фатографам-пачаткоўцам?

– Верыць у свае сілы. Ні ў якім выпадкі не рабіць таго, чаго не хочацца. І часам  не ставіцца занадта крытычна да выніку. Але галоўнае – трэба ўвесь час вучыцца чамусьці новаму!