ДАІ настойліва раіць кіроўцам паставіць зімовыя шыны
Паводле супрацоўнікаў Гродзенскай ДАІ, тэмпература паветра – кропка адліку для змены шын. Зімовыя шыны неабходна ўсталёўваць, калі слупок тэрмометра апускаецца ніжэй за +7ºС.
Сіноптыкі прагназуюць пагаршэнне надвор’я на Гродзеншчыне, верагодны мокры снег.
Зараз, пры начных тэмпературах 0-1 ºС, на пуцяпровадах, мастах ужо можа з’яўляцца наледзь.
Таму лепш загадзя памяняць гуму, бо сцэпленне летняй гумы, незалежна ад хуткасці руху, значна горшае.
Пры тым, што абледзянелая дарога ў 2 разы больш слізкая, чым заснежаная, у 4 разы, чым мокрая, і ў 8 разоў больш слізкая ў параўнанні з сухой.
Правілы “преаабуваць” машыну з надыходам халадоў дзейнічаюць у многіх краінах.
У Германіі забарона на выкарыстанне летніх шын дзейнічае з 1 снежня да 1 красавіка, у Літве – з 10 лістапада да 1 красавіка, у Латвіі – з 1 снежня да 29 лютага.
У Аўстрыі існуе пералік дарог, па якім можна рухацца толькі на зімняй гуме, у Францыі падобныя спісы змяняюцца ў залежнасці ад надвор’я.
Нават у Турцыі ўладальнік машыны павінны ў выпадку дрэннага надвор’я яе “пераабуць” .
Дзярждума суседняй Расіі адмовілася прыняць правілы абавязковай замены гумы на зіму.