Дапамогу мамам павялічаць
Пра гэта, з нагоды сёлетняга Дня маці паведаміў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка.
Як і штогод, 14 кастрычніка ён павіншаваў “самых галоўных людзей на Зямлі”.
– Толькі грамадства, якое складаецца з моцных і дружных сем’яў, можа з упэўненасцю глядзець у заўтрашні дзень – адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Паводле інфармацыйных агенцтваў, упершыню ў Беларусі памер штомесячнай дапамогі на дзяцей да трох гадоў прывяжуць да сярэдняй зарплаты.
Чакаецца, што з 1 студзеня 2012 года памер гэтай дапамогі на першае дзіця складзе 35% сярэднямесячнай зарплаты, на другое – 40%.
Дзень маці адзначаецца ў многіх краінах свету, але прыпадае на розныя даты.
Так, у Фінляндыі, дзе гэтае свята адзначаецца афіцыйна з 1927 года, яно прыпадае на другую нядзелю траўня. У гэты ж дзень маці прымаюць віншаванні ў ЗША, Даніі, Эстоніі і іншых краінах.
У Беларусі Дзень маці адзначаецца з 1996 года і прыпадае на 14 кастрычніка, а з 7 па 14 кастрычніка праходзіць Тыдзень маці.
Беларуская дата абрана не выпадкова. Праваслаўная царква ў гэты дзень святкуе Пакроў Прасвятой Багародзіцы. Паводле падання, у 910 годзе ў Ерусаліме падчас набажэнства верным з’явілася Божая Маці на небе. Яна нібы накрыла людзей, якія маліліся, белым покрывам, тым самым абараняючы іх, як сваіх дзяцей. Толькі ў нашай краіне Дзень маці адзначаецца як памяць аб гэтай падзеі.
У нашым горадзе сёлета ўрачыста ўшаноўвалі тых мам, чые дзеці нарадзіліся ў Тыдзень маці.
У абласным перынатальным цэнтры па традыцыі падарункі і кветкі парадзіхам паднеслі прадстаўнікі аблвыканкама, абласнога аб’яднання прафсаюзаў і Цэнтра занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва.
>
Каля будынку перынатальнага цэнтра шматдзетныя мамы разам са старшынёй абласной арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Марыяй Біруковай заклалі Алею маці, высадзіўшы шаснаццаць рабін.
Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра на ўрачыстым прыёме павіншаваў з Днём маці шматдзетных мам, а ў іх асобах і ўсіх жанчын Гродзеншчыны.
Ушаноўвалі жанчын кіраўнікі усіх узроўняў.
Старшыня Гродзенскага гарвыканкама Барыс Казялкоў сустрэўся з мамамі таленавітых дзяцей. Кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Барыс Фёдараў запрасіў шматдзетных мам, а ягоны калега з Кастрычніцкага раёна Сяргей Пацэвіч віншаваў жанчын, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей і якія ўзялі дзяцей пад апеку.
”Сэрца маці – гэта бездань, у глыбіні якой заўсёды знойдзецца прабачэнне” – cказаў Анарэ дэ Бальзак.
І сапраўды, так бескарысна кахаць і прабачаць можа толькі маці.
Ці заўсёды мы праяўляем ў адносінах да сваёй маці ўвагу, чуласць, разуменне?
Студэнты гарадзенскага Купалаўскага ўніверсітэта стварылі да Дня маці вось такое сэрца-прызнанне. Фота В.Дрэмы
Можа Дзень маці – добрая аказія, каб нагадаць нам пра тое, што не толькі 14 кастрычніка мамы маюць патрэбу ў пяшчоце і цеплыні?
На здымку зверху: віншаванні гарадзенскім маці ад намесніцы старшыні гарвыканкама Ірыны Сенчанкавай (злева).
Фота http://grodno.gov.by