Бібліятэка для інвалідаў па зроку ў Гродне стане больш даступнай
У Гродзенскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку – 623 чалавекі.
260 з іх карыстаюцца бібліятэкай.
Бібліятэкар Раіса Ўладзіміраўна Ланеўская:
–У фондах бібліятэкі – 3238 экзэмпляраў: 400 выданняў надрукаваных плоскадрукаваным шрыфтам, 200 – рэльефна-кропкавым, астатнія – фонд агучанай літаратуры на аўдыакасетах і дысках.
Малая колькасць кніг, надрукаваных шрыфтом Брайля, тлумачыцца тым, што ў Беларусі такія кнігі не выдаюцца, таму асноўная колькасць фонда яшчэ з савецкіх часоў.
З сучасных выданняў бібліятэка атрымлівае толькі перыёдыку з С.-Пецярбургу: часопісы выходзяць 4 разы на год.
З аўдыакніг гродзенскія інваліды па зроку аддаюць перавагу кнігам, запісаным мінскім ЧУП “Звукотекс” у выкананні беларускіх дыктараў. Расійскія выданні, калі тэкст аздабляецца гукавымі эфектамі, падабаюцца не ўсім.
На рамонт і набыццё абсталявання для бібліятэкі гарадскімі ўладамі выдзелена каля 130 мільёнаў рублёў.
Дзякуючы гэтаму ў бібліятэцы ў хуткім часе з’явяцца 2 кампутары з праграмай экраннага доступу “джавс”, калі агучваецца кожнае дзеянне карыстальніка; электронная лупа – прыстасаванне для моцнага павелічэня тэксту, і дэйзі плэер для чытання кніг.
Бібліятэка для інвалідаў па зроку ў Гродне працуе больш за 50 гадоў.
Яна чакае чытачоў па адрасе: Дзяржынскага, 98.