Камунальшчыкі: мы нікога не падманваем
Я наведаў адзін з разлікова-вылічальных цэнтраў ЖКГ нашага горада, каб пачуць, што там думаюць на гэты конт.
– Усе засцярогі аб падмане і падмене дадзеных папросту безсэнсоўныя – запэўніў мяне намеснік начальніка Разлікова-вылічальнага цэнтра (РВЦ). Па яго словах, ані РВЦ, ані ЖЭС тарыфы на цяпло самі змяняць не могуць.
Тарыфныя лічбы, як высветлілася, прыходзяць кожны месяц з Саўміна, паступаюць у РВЦ, у якім работнікі па адмыслова распрацаваным праграмным забеспячэнні вылічваюць, колькі ж павінен заплаціць спажывец.
– Разлік праводзіцца па колькасці квадратных метраў, заяўленых у плане кватэры ці памяшкання – кажа мой суразмоўца і дадае, што пры гэтым не ўлічваецца колькасць жыхароў кватэры.
Затое ўлічваюцца змены ў кватэрнай планіроўцы, зарэгістраваныя ў Бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Напрыклад – павялічэнне памяшкання за кошт лоджыі ці гаўбца.
Міфам з’яўляецца распаўсюджанае меркаванне, што ўсталяванне “шклопакетаў” зменіць лічбу ў “жыроўцы”.
– Усталяванне “шклопакетаў” з’яўляецца асабістым выбарам кожнага і ягонай асабістай выгодай, гэтак сама як і рэгулятары тэмпературы на батарэях. Яны толькі робяць больш камфортным жыццё, але ніяк не ўплываюць на суму аплаты – тлумачыць нам. начальніка РВЦ.
Ён аспрэчвае таксама меркаванне, што запазычанасці іншых жыхароў размяркоўваюцца па больш сумленных жыльцах дадзенага дома.
– З даўжнікоў вылічваецца ўся сума праз суд, істцом у якім выступае ЖЭС – запэўнівае мой суразмоўца.
Варта дадаць, што пастанову аб ЖКГ (асноўны нарматыўны дакумент для камунальшчыкаў) не змянялі ўжо на працягу 8 гадоў.
Яе можна знайсці ў інтэрнэце. Пра тарыфы жа вам распавядуць па тэлефоне 157.
Фота Юліі Каляды