Не хапае на веласпорт

У гэтым пераканаўся наш карэспандэнт, які 16 кастрычніка наведаў Адкрыты чэмпіянат Гарадзенскай вобласці па маўнцінбайку (ангельск. mountain bike – горны ровар).

 

Спаборніцтвы адбываліся на сцежцы здароўя ў лесапарку “Пышкі” пад патранажам Упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама.

 

– Гэта традыцыйны, штогадовы чэмпіянат, у якім удзельнічаюць галоўным чынам навучэнцы спартыўных школаў 90-х гадоў нараджэння – распавядае нам галоўны суддзя спаборніцтваў Іван Найдзёнаў.

 

 

Ён адзначае, што дзякуючы адчыненай формуле чэмпіянату ў апошнія тры гады сярод удзельнікаў назіраецца прыток спартоўцаў-аматараў.

 

–  Усіх дзеляць па ўзроставых катэгорыях, ад чаго залежыць складанасць трасы. Мужчыны і жанчыны спаборнічаюць разам, але вынікі залічваюцца  паасобку – тлумачыць наш суразмоўца прынцып арганізацыі спаборніцтваў.

 

Суддзя не хавае, што веласпорт перажывае ў Гродне і краіне не найлепшыя часы.

 

– Ёсць праблемы ў фінансаванні, прыходзіцца спраўляцца саматугам – падкрэслівае ён і раіць паразмаўляць з удзельнікамі спаборніцтваў.

 

Для мяне гэта не проста забаўка – заяўляе Яўген Каралёк, які разам з трэнерам старанна правярае перад стартам свайго “жалезнага сябра”.

 

 

Ён займаецца веласпортам у СДзЮШАР №1 г.Гродна ужо чатыры гады і ўваходзіць у зборную вобласці.

 

Яўген неадначасова выйграваў спаборніцтвы і хоча звязаць сваё жыццё з прафесійным спортам.

 

– Бацькі і сябры мяне падтрымліваюць, вось толькі ў школе не надта задаволеныя маімі поспехамі – прызнае малады спартовец.

 

– Настаўнікі не ідуць насустрач такім дзецям,  бо лічаць што гэта не сур’ёзна – са шкадаваннем тлумачыць трэнер Яўгена Міхаіл Панасік.

 

У яго выклікае яшчэ большае неразуменне адсутнасць належнай увагі да веласпорту з боку дзяржавы.

 

– Усё трымаецца, у асноўным, на голым запале трэнераў і спартоўцаў і, вядома, кладзецца фінансавым цяжарам на плечы бацькоў – кажа Міхаіл Панасік.

 

Ён прызнае, што жыве і працуе дзеля спорту і ўскладае надзеі не толькі на Жэню, але і на яго брата, Сяргея Каралька.

 

– Хлопцы з’яўляюцца аднымі з мацнейшых веласіпедыстаў краіны сярод юніёраў – хваліцца трэнер.

 

Веласпорт у Беларусі развіваецца павольна, не хапае сродкаў на самае неабходнае. Таму перспектыўныя спартоўцы вымушаныя пераходзіць у замежныя спортклубы – адзначае ў размове з намі Алена Драздова.

 

Алена – майстар спорту міжнароднага класа, чэмпіёнка і срэбны прызёр у велагонцы на Параалімпіядзе ў Пекіне 2008 – прыехала ў “Пышкі”, каб прыняць удзел у гонцы і падтрымаць маладых калегаў.

Трэба больш заахвочваць моладзь займацца актыўнымі відамі спорту і дзяржава павінна звяртаць на гэта больш увагі – лічыць славутая спартоўка.

 

Барацьба на трасе ў “Пышках” у мінулую нядзелю была вельмі зацятая.

 

Не абыйшлося без пабітых каленаў і паламаных веласіпедаў, таму ніхто не застаўся абыякавым да спартовага відовішча.

 

Вылучаныя з каля 60 удзельнікаў пераможцы спаборніцтваў былі ўзнагароджаныя грашовым прызамі і правам прадстаўляць Гродзенскую вобласць на чэмпіянаце Беларусі па маўнцінбайку, які адбудзецца 21-23 кастрычніка ў Барысаве.

>

фота аўтара