Удзельнікі і гледачы “Трох шурупаў”: пабольш бы такіх канцэртаў

|

Чым вылучаліся сёлетнія “шурупы”, распавёў нязменны арганізатар гродзенскага рок-фэсту Сяргей Фінскі



Сяргей Фінскі пра арганізацыю by twojstyl

 

Гледачы не сядзелі ў мяккіх крэслах, а знаходзіліся непасрэдна на сцэне ў малой залі абласной філармоніі, дзе ладзіўся рокавы фэст. Вялікая зала прапаноўвала выдатную пляцоўку для танцаў з якасным светлавым суправаджэннем.

 

На меркаванне менеджэра Vincent’a Паўла, задума з двума заламі цікавая, але разлічаная на колькасна большую публіку, з чым на рокавых канцэртах у Беларусі зараз праблема

 


Менеджэр Vincent’a by twojstyl

 

На яго думку, паспяховасці такога кшталту рок-фэстам перашкаджае недастатковая рэклама, якая перамясцілася збольшага ў сацыяльныя сеткі.

 

Неразбэшчаныя шматлікасцю слухачоў на канцэртах, удзельнікі гродзенскага гурта “Black Market Fuse” публікай былі задаволеныя:

Нягледзячы на тое, што канцэрт распачаўся ў 16 гадзін, даволі рана, што трохі дзіўна, людзей да пачатку канцэрта назбіралася даволі шмат, што не можа не радаваць.

 

alt=”Image 17035″ >

 

Калі казаць пра склад гуртоў-выступоўцаў, то, па словах Сяргея Фінскага, сёлета ён значна павялічыўся ў параўнанні з фестывалямі мінулых гадоў. Госці з-за мяжы – украінскі гурт Rollik’s, якія скакалі са сцэны проста “ў народ”, расейцы “Kaizen”, хэдлайнеры фэсту, якія ў мінулым годзе былі на разагрэве ў саміх “Limp Bizkit”, надавалі гродзенскаму рок-фэсту вагі.

 

Сваю колькасць прыхільнікаў дадаў “Шурупам” і знакаміты Vinsent.

 

 

Большасць гледачоў канцэртам засталіся задаволеныя, адзначаючы, што тэхнічны ўзровень арганізацыі расце, як і прыязджаюць новыя цікавыя гурты. Гурты-выступоўцы таксама збольшага задаволеныя – колькасць пляцовак для выступу змяншаецца, і “капрызнічаць” у такіх умовах асабліва не даводзіцца. Практычна ўсе ў адзін голас выказвалі думку пра тое, што такога кшталту канцэртаў ладзіць трэба больш.

 

 

Справы з рокам у нас у Гродна, як мне падаецца, не вельмі добрыя. У нас шмат што абмяжоўваецца, складана праводзіць канцэрты, гуртам слаба дапамагаюць прасоўвацца наперад. Пра нейкую плату за выступ нават гаворкі не вядзецца, бо ў нас лічыцца, што рок-музыка – гэта нешта клоунскае, каб павесяліць народ, – мяркуе ўдзельнік гурта “Black Market Fuse”.

 

 

Што маем у выніку? Чарговы раз можна канстатаваць: Сяргей Фінскі – малайчына, што ў даволі цяжкіх умовах рэгулярна ладзіць рокавыя фэсты, куды прыязджаюць новыя гурты, у тым ліку з-за мяжы. Яму ўдаецца нават уводзіць змены ў фармат фэсту. Сумна, што такіх пляцовак у нас вельмі мала – пералічыць можна па пальцах адной рукі. Да таго ж у выніку, жывая альтэрнатыўная музыка выклікае цікавасць не ў такой значнай колькасці людзей, як гэта меркавалася.

 


Rollik’s by twojstyl


Чакаем другога дня фэсту, які адбудзецца 13 лістапада.

 

Здымкі Нураса Азазі