У Гродна адбылася кіна-гасцёўня з Лінай Мядзведзевай
Праект “Горад з OFFу”, які ладзіцца грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр “Трэці сектар” у супрацоўніцтве з польскімі калегамі, скіраваны на папулярызацыю маладога аматарскага кіно.
Асаблівасцю сустрэчы было тое, што разам з беларускімі ўдзельнікамі ўдзел ў абмеркаванні бралі калегі з Польшчы. Сувязь з імі была наладжана з дапамогай трансляцыі праз Інтэрнэт.
Ліна з’яўляецца ўдзельніцай праекта kinaklub.org, магістранткай Акадэміі мастацтваў, займаецца дакументальным кіно. Яна распавяла пра гісторыю дакументальнага кіно і яго сённяшні стан. Асаблівая ўвага была нададзена беларускай дакументалістыцы.
Гаворыць Ліна Мядзведзева (на здымку):
“Пры Беларусьфільме ёсць кінастудыя “Летапіс”, якая здымае дакументальныя фільмы. Да вядомых беларускіх рэжысёраў дакументальнага кіно належаць Віктар Аслюк, Галіна Адамовіч, Арцём Лобач.
У Галіны Адамовіч ёсць даволі знакаміты фільм “Завядзёнка”, прысвечаны вёсцы. Таксама яна працуе над гендэрнымі праблемамі. На жаль, усё гэта не транслюецца шырока і людзі шмат чаго не ведаюць, але гэта кіно пра сапраўдную Беларусь.
На дакументальным кіно нельга зарабіць шмат, яно не акупаецца і існуе на дзяржаўных датацыях.
У Мінску зараз з-за нерэнтабельнасці зачыняюць Цэнтр відэа, які паказвае беларускае дакументальнае кіно”.
Тэматыка фільмаў на Беларусі таксама даволі абмежаваная. Адна з любімых тэм у беларускім кіно – вёска.
Яшчэ адна праблема – тое, што работы маладых рэжысёраў, навучэнцаў Акадэміі, калі яны самі не прасоўваюць свае фільмы, не выходзяць за межы кафедры.
Часцей за ўсе беларускія фільмы можна знайсці толькі ў саміх аўтараў. “Белсат” здымае шмат добрых фільмаў, але яны не папулярызуюцца, доступ да іх абмежаваны, бо яны не выкладваюцца ў Інтэрнет.
У канцы сустрэчы ўдзельнікі паглядзелі фільм Арцёма Лобача “Калеты”.
Фота з асабістага архіву Ліны Мядзведзевай
Фрагмент з фільму Арцёма Лобача “Калеты”