Першая «баранка»

|

Удалы пачатак сезону (выхад у паўфінал Кубка Беларусі, перамога над “Гомелем”) спарадзілі ў Гродне сапраўдны футбольны бум.

За гадзіну да пачатку гульні ля касаў стадыёну ўтварыліся аграмадныя чэргі. Такая сітуацыя здараецца ўжо не першы раз, але адміністрацыя спарткомплексу аніяк не можа зрабіць продаж квіткоў больш хуткім, што выклікае пакуль справядлівае абурэнне заўзятараў.

Ад пачатку гульні стала зразумела, што з гасцямі з магілёўскага “Дняпра” справіцца будзе няпроста. Абаронцы супернікаў толькі некалькі разоў давалі шанс гарадзенцам прабіць па сваёй браме, але тыя свае шансы не выкарысталі.

Ключавы момант здарыўся за 15 хв. да канца сустрэчы. Цемнаскуры легіянер “Нёмана” Махамед Дзера атрымаў за неабавязковае парушэнне правілаў у цэнтры поля другую для сябе жоўтую картку і пакінуў стадыён.

Перавага імгненна перайшла да футбалістаў з Магілёва. Некалькі хуткіх атак гарадзенскія абаронцы і брамнік адбілі, але перашкодзіць трапнаму ўдару Віталя Бондарава на 81-й хв. не змаглі.

Утрымаць перавагу ў адзін гол для гасцей было справай тэхнікі, што яны спакойна і даказалі.

На здымку: магілёўскі камерунец Ноа неаднойчы зрываў гарадзенскія атакі.

Фота Яраслава Ванюкевіча