Сяргей Чалы: крызіс у Беларусі скончыўся
Cпачатку эксперт павіншаваў усіх прысутных са сканчэннем фінансавага крызісу ў краіне. На думку эксперта, крызіс скончыўся з усталяваннем адзінага курсу. Затым удзельнікі сустрэчы атрымалі ад Сяргея Чалага адказы на найбольш хвалюючыя пытанні:
Сяргей Чалы пра:
–эканамічны крызіс і беларускую мадэль эканомікі:
Калі верыць беларускім уладам, то ў краіне ніякага крызісу няма. Існуе толькі пэўная складаная сітуацыя. Але не важна, як гэта назваецца, бо адбыўся злом той мадэлі эканомікі, якую мы 17 гадоў усё будавалі і будавалі. Нам усім расказвалі, якая яна ўнікальная. Аказалася, гэта самая ўнікальная эканоміка здольна даць нам толькі 200 даляраў сярэдняга заробку. Гэта прыкладна перадапошняе месца сярод былых савецкіх краін. Карэктней было б сказаць імпаратазалежная мадэль, калі ілюзія дабрабыта ў краіне дасягаецца рознымі ўнутранымі спецэфектамі, напрыклад, будаўніцтвам тысячы лядовых палацаў ці нацыянальнай бібліятэкі.
Зразумела, што калі дысбаланс узнікае, яго ліквідуюць. Пытанне толькі ў тым, ці разумеюць гэта ўлады і спрабуюць рэанімаваць сітуацыю, ці супраціўляюцца і заяўляюць, што ўсе пад кантролем. Што адбываецца ў нашай краіне, відавочна. І да чаго прывеў гэты супраціў таксама.
Задоўга нашыя ўлады спрабавалі нас пераканаць, што 3000 рублёў за даляр – гэта і ёсць сапраўдны курс. Але калі намінальны курс фіксаваны, паступова павялічваецца імпарт і змяншаецца экспарт. Зразумела, што пры такім раскладзе краіна губляе на знешніх стасунках.
Як потым аказалася на практыцы, правільна ўсталяваны курс рубля вырашае ўсе праблемы, якія раней вырашаліся рознымі праграмамі тыпу “Купляйце беларускае” і г.д.
–“плаваючы” курс
З усталяваннем адзінага курсу можна лічыць, што крызіс скончыўся. Але мы павінны разумець, што так, як было раней, ужо не будзе. Былога курсу ў тры тысячы ўжо не будзе таксама. Хутчэй за ўсё, бліжэйшы час курс будзе “плаваючы”.
А ён мае вялікі плюс, бо вырашае галоўную задачу, якую ўсё не маглі вырашыць нашыя ўлады з сакавіка – як бы стварыць такую сістэму, пры якой дзеля падтрымкі адзінага курсу не патрэбна выдаткоўваць валютныя рэзервы. Першае рашэнне, якое прынялі ў сакавіку, было – забараніць іх выдаткоўваць.
Другое – гэты самы “плаваючы” курс, для якога, тэарэтычна, выдаткоўваць гэтыя резервы не патрэбна. Але да яго мы прыйшлі толькі праз сем месяцаў.
-сярэдні заробак:
Калі афіцыйная статыстыка гаворыць пра сярэднія заробкі, то гэта, насамрэч, фонд аплаты працы падзелены на колькасць занятых людзей, без падаходных падаткаў. У Еўропе, напрыклад, сярэдняя зарплата лічыцца медыянным спосабам. Гэта калі выпадкова ўзяць некалькі чалавек, у пачатак паставіць з самым вялікім заробкам, а ў канец з самым маленькім. У сярэдняга паміж імі і будзе сярэдні заробак.
Нядаўна Белстат спрабаваў палічыць медыянны заробак для беларусаў. Аказалася, што ў краіне каля 60 % насельніцтва атрымлівае менш за 1,5 мільёна рублёў.
У такой сітуацыі трэба разумець, што любая спроба павышэння заробкаў, будзе “з’ядацца” павышэннем коштаў і дэвальвацыяй.
–інфляцыю:
Зараз гэта вялікая праблема, з якой змагацца нашыя ўлады пакуль на хочуць, акрамя як заклінаннямі. Гэта праблема, на якую патрэбна не проста звярнуць увагу, патрэбна ў бліжэйшы час яе вырашаць. Дзякуй Богу, улады пачынаюць гэта разумець. Румас ужо прыкладна з тыдзень гаворыць пра інфляцыю, і што барацьба з ёй – галоўная задача на наступны год.
Але ўсе павінна рабіцца своечасова. Бо, яшчэ раз скажу, усё, што адбылося, можна было зрабіць яшчэ ў сакавіку. Усе гэтыя сем месяцаў гэта было ідэялагічнае супрацьстаянне, калі адбывалася поўная падмена рынка адміністрацыйным рэгуляваннем.
align=”left” >-будучыню Беларусі:
Нічога добрага не будзе без рэформы эканамічнай сістэмы краіны, што Міжнародны валютны фонд і раіць зрабіць. Адказу ўладаў на гэта пакуль няма, ёсць толькі нейкія размовы, пра палітвязняў, што быццам бы ніхто нам дапамагаць не будзе. Але гэта глупствы. МВФ ніколі не ставіў палітычных умоў.
Справа ў тым, што Беларусь – краіна адсталая ў рэформах. З аднаго боку, так лепш, бо нічога не трэба выдумляць. Вось табе побач і ўкраінскі прыклад і польскі, і эстонскі. Бяры і ўжывай на практыцы. Для Беларусі лепшай была б, на мой погляд, славацкая мадэль. Гэта цалкам рынкавая эканоміка з вялікім дзяржаўным сектарам. Аказваецца, гэта магчыма.
І заўсёды трэба памятаць, што эканоміка – гэта сістэма баланса, калі дзесьці схаваў штосьці, яно ўсе роўна вылезе ў іншым месцы.
Сустрэча з Сяргеям Чалым ладзілася грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай школы” у межах адкрыцця Цэнтра Еўрапейскай інфармацыі.
Фота аўтара