Vinsent: Галоўнае – выступаць у Беларусі
У Беларусі такія артысты рэдкасць і таму яго выступ на рок-фэсце “Тры шрубы” быў адным з найбольш чаканых. Наш аўтар паразмаўляў з Vinsent’ам напярэдадні ягонага выступу.
– Ты другі раз будзеш выступаць у Горадні. Якія у цябе ўражанні ад першага выступу? Чым гарадзенская публіка адрозніваецца ад менскай?
– Я выступаў тут на прыватнай імпрэзе, уваход быў толькі па запрашэнням і людзі былі не толькі з Горадні, але мне спадабалася: быў цёплы прыём і бачна, што тут у мяне шмат аднадумцаў. Ад менскай публікі чым адрозніваецца я не ведаю, мы тут дагэтуль не давалі вялікіх канцэртаў. Сёння мы удзельнічаем у межах фестывалю. Я ад Горадні чакаю крутога канцэрту, выбуховага. Усё ж такі гэта асаблівы горад для Беларусі.
– Чым-небудзь збіраешся сёння здзівіць гарадзенцаў?
– Паглядзім. Мы зараз, у трэцім дні тура, выконваем сваю праграму, але для кожнага горада свае нарыхтовачкі, фішачкі.
– Адметнасцю тваіх выступаў з’яўляецца тое, што ты выступаеш з жывым складам. Гэта неяк паўплывала на цябе як рэп-выканаўцу?
– Жывы склад гэта ўжо новая прыступка. Калі пачаў граць з хлопцамі адчуў, што стаў развівацца ў музычным плане, стаў больш разумець, што такое музыка, на чым яна грунтуецца. Думаю, што выступаць пад жывую музыку карысна для любога артыста, бо гэта энергетыка, гэта драйв, гэта кач. Тым больш у мяне прафесійныя музыкі ў складзе, не саматужнікі нейкія, што можа быць лепей?
– Якія ў вас адносіны ў гурце?
– Не было вялікіх канфліктаў, мы на адной хвалі знаходзімся, усё адэкватна. Мы зараз у туры, гэта ў побытавым плане вельмі складана, пастаянныя пераезды. Але ў нас ёсць адміністратар, які займаецца ўсім гэтым. Разам з намі ездзіць таксама аператар, які здымае матэрыял для фільму пра тур. Наконт маіх музыкаў скажу, што гэта вясёлыя людзі, якія якасна працуюць і умеюць добра адпачываюць. Я люблю іх за гэта. У нас добрая кампанія, мне, прынамсі, ўсё падабаецца.
– Ці беларускамоўны рэп гэта камерцыйны крок, ці любоў да беларушчыны?
– Што значыць камерцыйны крок? (У голасе Vinsent’а чуваць ноткі абурэння – аўт.). Калі я пачынаў, мы не збіралі шмат людзей, была толькі штодзённая праца: рэпетыцыі, напісанне новых песень. Наконт беларускай мовы – я размаўляю на ёй штодня, гэта натуральны стан маёй душы. Магчыма, па-ангельску і трэба было рабіць, бо гэта сусветны трэнд, але пакуль не бачу ў гэтым сэнсу. Мне незразумела, чаму нашыя людзі не размаўляюць па-беларуску. Тут нават справа не ва ўладзе. Пляваць хто там ва ўладзе, хто там не ва ўладзе. Тлумачэнні пра кепскую ўладу – гэта адгаворкі. Улада такая, якую вы заслугоўваеце. Вось размаўляйце па-беларуску і будзе ў вас добрая ўлада і ўсё будзе добра.
– Скажы, калі ласка, як цябе і твой гурт успрымаюць за мяжой?
– Мы выступаем і ў Польшчы і ў Літве. Нядаўна ў Вільне прадстаўлялі Беларусь на кірмашы народаў. Мы адкрытыя для прапановаў: калі запрашаюць за мяжу, не адмаўляемся – гэта нашая праца і наш хлеб, а, па-другое, гэта папулярызацыя беларушчыны за мяжой. Музыка – яна інтэрнацыянальная, ну а беларуская мова гучыць добра, таму ўспрымаюць файна. Пасля выступу ў Варшаве палякі пыталіся: чаму наш сайт не перакладзены на беларускую лацінку? Мы хутчэй адкрытыя на Захад, чым на Ўсход, хаця любыя прапановы цікавыя. Але найперш трэба мець сваю публіку тут, у Беларусі, каб была магчымасць прыехаць у любы горад і сабраць там залу, гэта мая мара на дадзены момант.
– Што думаеш наконт беларускага шоўбізу?
– Няпраўда, што тут нельга зарабляць музыкай. Калі упарта працаваць, то ўсё атрымаецца. Зразумела, не будзеш зарабляць як зоркі Галівуду, таму што дыскі прадаюцца слаба. У Беларусі галоўнае – канцэрты.
На жаль, у нас не туры ладзяцца ў падтрымку альбому, а альбом пішацца ў падтрымку туру. Мая формула існавання беларускага незалежнага музыкі – гэта граць максімальна ў Беларусі. У сталіцы і ў абласных цэнтрах, таксама ў рэгіёнах і старацца прасоўвацца ў суседнія краіны. Мы вельмі зручна геаграфічна знаходзімся – ноч і ты ў сталіцы любой суседняй краіны.
– У адным інтэрв’ю ты сказаў, што не зацікаўлены супрацоўніцтвам з іншымі беларускімі рэперамі. Чаму?
– Сапраўды, зараз ні з кім канкрэтна не хацеў бы супрацоўнічаць. Але, калі будуць цікавыя прапановы, чаму б і не? Я лічу, што артыст павінен рабіць перш за ўсё свой прадукт. А з беларускімі рэперамі не тое, што не хачу супрацоўнічаць. Проста – няма з кім. Ды й навошта? Для мяне куды цікавей неяк аб’ядноўваць розныя аўдыторыі.
– Скажы што-небудзь сваім прыхільнікам з Гарадзеншчыны і канкрэтна чытачам “Твайго стылю”?
– Сябры, Вы жывеце ў добрым горадзе. Мне Горадня вельмі падабаецца. Калі мы, напрыклад, з Польшчы вяртаемся, то затрымліваемся тут на суткі, каб пашпацыраваць па старым вуліцам, зайсці у нейкую кавярню ў старым горадзе, пасядзець і адпачыць душой. Горадня – файны горад. Любіце яго і пастарайцеся захаваць тое, што ў ім ёсць. Жадаю, каб вы слухалі добрую музыку. Прыходзьце на нашыя канцэрты, мы будзем вас радаваць якасным гукам, класнымі вершамі і энергічным выступам. Дзякуй!
Для “Твайго стылю” Vinsent распавёў таксама, што адбываецца ў яго жыцці па-за музычнай дзейнасцю. Аказваецца, артыст зараз здымаецца ў адной з галоўных роляў у фільме Андрэя Курэйчыка “Вышэй за неба”.
– Гэта будзе першы моладзевы беларускі серыял – паведаміў музыка і выказаў упэўненасць, што атрымаецца якасны фільм.
– Яго мэта – паказаць чым жыве сучасная беларуская моладзь, у прыватнасці, сталічная, бо дзеянні адбываюцца ў менскіх інтэр’ерах – заўважае наш суразмоўца і прызнае, што здымацца яму вельмі цікава:
– Даведваешся шмат дэталяў, напрыклад, як для кіно набываюцца касцюмы і пра іншыя сакрэты кінамастацтва – тлумачыць Vinsent.