Баявая нічыя “Нёмана” і чарговая параза “Белкарда”

|

Гульня выдалася цікавай, двухбаковавострай і да апошняй хвіліны трымала глядачоў у напружанні.

У пачатку гульні каманды больш прыглядаліся адна да адной, шмат змагаліся, парушалі правілы ў цэнтры полі. Брамнікі абодвух каманд у гэты час заставаліся без працы.

 

Але бліжэй да сярэдзіны першага тайму “Нёману” удалося узяць ніткі гульні ў свае рукі і правесці некалькі небяспечных атак, адна з якіх і прывяла да гола Паўла Савіцкага (у пасляматчавым пратаколе менавіта малады гарадзенец значыцца аўтарам першага забітага мяча, хаця бяз дапамогі абаронцы “Гомеля” мяч наўрад ці трапіў у браму).

 

На гэтым футбалісты “Нёмана” не спыніліся і працягвалі насядаць на браму гасцей. Да перапынку добрыя шанцы вызначыцца мелі Іван Дзянісевіч і мабыць самы актыўны у першым тайме гулец зялёна-жоўтых Павал Савіцкі.

 

Другі тайм гарадзенцы пачалі актыўна. Аляксей Сугак прайшоў па праваму флангу і зарабіў вуглавы. А Іван Дзянісевіч падаў дакладна на галаву Паўлу Рыбаку (на здымку ў момант галявога ўдару), які на 48-й хвіліне матчу зрабіў лік 2:0 на карысць “Нёмана”.

 

На гэтым, на жаль, атакуючы запал гаспадароў пачаў паціху затухаць. І прыезджыя футбалісты паступова перахапілі ініцыятыву.

 

Ля варот Андрэя Гарбунова станавілася ўсё гарачэй і на 70 хвіліне Ігар Кузьмянок пасля вуглавога скараціў разрыў у ліку.

 

А праз 10 хвілін пасля грубай памылкі паўабаронцы “Нёмана” Дзмітрыя Лебядзева на табло высвяціўся канчатковы лік 2:2. Вызначыўся Максім Лісавы.

 

Пасля 29 тураў “Нёман” займае 9-ты радок у турнірнай табліцы вышэйшай лігі.

 

У суботу свой матч у лізе рангам ніжэй праводзіў “Белкард”. Гродна наведала каманда “Клечаск” з Клецку. Гарадзенцы пры неблагой гульні зноў саступілі.

 

На тры гасцявыя мячы “завадчане” змаглі адказаць толькі адным у выкананні Паўла Гайдоўскага, чым максімальна ўскладнілі сабе задачу захаваць за сабой месца ў першай лізе.

 

У панядзелак стала вядома, што галоўны трэнер “Белкарду” Павал Бацюта адпраўлены ў адстаўку. Да канца сезону яго абавязкі будзе выконваць Артур Крыванос, які працаваў у камандзе другім трэнерам.

 

“Белкард” знаходзіцца на 15-м радку табліцы першай лігі.

 

Вынікі іншых матчаў з удзелам каманд з Гарадзеншчыны глядзіце ніжэй.

 

Чэмпіянат Беларусі па футболе ў першай лізе:

 

“Смаргонь” – “Славія-Мазыр” – 0:2.

 

Чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе:

 

“Ліда” – “Камунальнік”(Слонім) – 1:0.

 

“Белтрансгаз”(Слонім) – “Нёман”(Масты) – 3:0.

 

Фота: fcneman.by

 

Відэа: football.by