Гродзенец будзе сведкай у судзе па справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага
Пачатак судовага працэсу па справе лідара праваабаронцага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага прызначаны на 2 лістапада.
Віктар Сазонаў павінны з’явіцца ў суд а 10-ай гадзіне 3 лістапада.
Атрыманая ім па пошце позва падпісаная толькі імём і імём па бацьку сакратаркі суда Марыі Валянцінаўны.
Працэс пройдзе ў будынку суда Маскоўскага раёна, бо залі Першамайскага суда, які будзе весці працэс, замалыя.
Алесь Бяляцкі абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 243 КК РБ (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры).
Яму пагражае абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.
Праваабаронца арыштаваны 4 жніўня.
Падставай для яго пераследу стала перададзеная Літвой і Польшчай інфармацыя пра рахункі праваабаронцы ў замежных банках, грошы з якіх выкарыстоўваліся для дапамогі рэпрэсаваным, палітзняволеным і іх сем’ям.
23 жніўня гродзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў быў затрыманы за распаўсюд бюлетэняў і ўлётак пра арышт Алеся Бяляцкага, за што пазней пакараны штрафам у памеры 21 базавай велічыні.
25 жніўня ён быў дапытаны па справе Бяляцкага.