Навошта кальцаваць галубоў?

|

На кольцы былі пазначаныя літары PL, што, хутчэй за ўсё, паказвала на краіну паходжання птушкі, а таксама абрэвіятура PZHGP. Знайсці інфармацыю пра галубоў у Польшчы праз інтэрнэт аказалася проста. Існуе адпаведная база нумароў знойдзеных птушак, на якую неабходна зарэгістравацца і падаць звесткі, пазначаныя на колцы знойдзенай птушкі. Звесткі залічаюцца ў спіс – базу нумароў. Так заводчыкі галубоў могуць даведацца, ці ёсць у спісе іх птушка. На момант рэгістрацыі знойдзенай птушкі ў спісе ўжо быў 5821 голуб.

 

alt=”Image 17235″ >

 

Таксама я знайшла сайт заводчыкаў галубоў, дзе ёсць і форумы. Такія форумы знайшліся ў Расеі і Украіне, вынікі пошуку па беларускіх інтэрнет-крыніцах вынікаў не далі.

 

Вось што распавёў спадар Марыюш, удзельнік форуму заводчыкаў галубоў, які цікавіцца галубамі 9 гадоў:

 

Паштовых галубоў выкарыстоўвалі ў мэтах паштовай сувязі з-за адметнасцяў гэтага віду птушак: здольнасці арыентавацца, знаходзіць дом і пераадольваць вялікія адлегласці з адносна высокай хуткасцю – 60-80 км за гадзіну.

 

З часам паштовых галубоў пачалі выкарыстоўваць для спартовых спаборніцтваў. У выніку з’явілася патрэба кальцаваць птушку – на кольцы пазначаюць краіну, год, нумар птушкі і нумар рэгістрацыі.

 

У Польскім саюзе заводчыкаў паштовых галубоў 46000 сябраў, але гэта толькі зарэгістраваных , -распавядае Марыюш. – Кошт голуба складае ад 20 злотых і да бясконцасці. Добрую птушку можна набыць за 300 зл. Але. Канешне, трэба ўлічваць і прыстасаванні для ўтрымання птушкі, корм. Па звестках, гіне каля 100 000 галубоў за год. Птушку можна атрымаць і ў падарунак.

 

У Польшчы ладзяцца спаборніцтвы галубоў – птушкі лятаюць на розную адлегласць, таксама папулярныя выставы галубоў.

 

Што рабіць са знойдзенымі акальцаванымі птушкамі ў Беларусі, патлумачыў старшыня Савета Гродзенскага абласнога аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Зміцер Вінчэўскі:

 

Калі вы знайшлі акальцаваную птушку, то неабходна звярнуцца ў “Беларускі цэнтр кальцавання птушак”, які знаходзіцца ў Мінску. Кальцаванне дазваляе адсочваць пералёты, вызначаць працягласць жыцця, тэрытарыяльную праналежнасць і г.д. Калі ж птушка мае пашкоджанні, лепш звярнуцца ў звярынец. Што да галубоў, то кальцаванне гэтых птушак робіцца гаспадарамі птушак у мэтах вызначэння сваіх гадаванцаў, але не ў навуковых мэтах. Інфармацыя пра знаходку можа ўяўляць цікавасць толькі заводчыкам галубоў.