Восеньскі падарунак
Надыйшоў верасень. І восень ярка-залатая расфарбавала лісце на дрэвах, зацягнула раніцы туманамі, засыпала зямлю кветкамі і яблыкамі.
Большасць людзей чамусьці не любіць гэтую пару.
Можа таму, што з кожным днём становіцца цёмна і халадно, ці проста за тое, што не спраўдзіліся летнія чаканні, а сезон канікул і адпускоў скончыўся так хутка.
Не ведаю. Але ў гэтым годзе восень вельмі старалася, каб нам не так тяжка было адвыкаць ад лета.
Увесь верасень быў цеплы і сонечны. Дзякуй Богу, абышлося без драматызму і нябесных слез аж да кастрычніка.
Патроху ападала лісце, шапацела пад нагамі. Вакол бегалі дзеткі, кідаліся гэтым лісцем, ці збіралі рознакаляровыя букеты.
Шчыпалі за шчокі першыя замаразкі. А неба прыцягвала ўвагу, асабліва ў вечары, такое рознае і таямнічае, якое можа быць толькі восенню.
Калі яшчэ налюбуешся такой прыгажосцю?
Нездарма столькі вершаў прысвечана гэтай пары.
Узгадваецца верш Уладзіміра Караткевіча:
Восень прайшла пералескамі,
Па няголеным ржышчы ніў,
Чырвонымі арабескамі
Лісце лес ураніў.
Глянь на зямлю залатую,
Пяшчотную, сумную, чыстую,
Нехта па ёй вандруе,
У паветра ўзнімаючы лісце.
Струменьчыкам тонкім лісце.
Медзь на азёрах сплывае,
Сум у небе імглістым…
Як песня, з галін злятае
Лісце, лісце,
Залацістае лісце,
Сто лісцяў,
Дзесяць лісцяў,
Ліст.
>
Ці верш Антона Бялевіча:
Ціха сцелецца, сцелецца
Ліст на ліст у гаях.
Залатая мяцеліца
Шалясціць на дубах.
Замяла рыжаватыя
Верасы, паплавы.
З песняю сумнаватаю
Нада мной журавы.
Толькі ў кастрычніку не стрымала восень неба, і яно абрушылася дажджамі на зямлю. Але ў другой палове месяцу зноў стала суха. І, хоць аграрыі кажуць, што восень павінна быць дажджлівай, яна нам свеціць сонейкам.
Няхай яно і не грэе, птушкі паляцелі ў вырай, а вечары цяпер такія марозныя.
Няхай ужо канец кастрычніка, а сіноптыкі прагназуюць халодны лістапад і марозную зіму.
Восень нібы суцяшае нас гэтым сонейкам, стараецца, каб мы жылі не аднымі чаканнямі лета, каб вучыліся радавацца любой пары года, любому часу і кожнаму дню.
Каб наш настрой не залежыў ад надвор’я. Каб жылі мы сапраўдна і ў поўную моц не толькі ў летні час.