У Польшчу па новым раскладзе

|

Рэгулярнае аўтобуснае злучэнне Гродна з Беластокам забяспечваюць тры перавозчыкі: Гродзенскі аўтапарк, СПААТ “ІНТАКС” і ПТУП “КласТур”.

 

Новая розніца ў часе паўплывала на расклад толькі ў “ІНТАКСЕ”.

Мікрааўтобус на Беласток цяпер адпраўляецца з Гродна ў 7.20 (раней – у 6.20).

Гэты час аптымальны для большасці пасажыраў, якія едуць “на закупы”, альбо па справах у Беласток.

 

Аўтобус “КласТуру” па-ранейшаму адпраўляецца ў 7.10 з чыгункі ( у 7.20 з аўтавакзалу).

Аўтапарк таксама не змяніў расклад: самы ранні аўтобус на Беласток адпраўляецца з чыгуначнага вакзала ў 5.40.

 

З пытаннем, ці шмат ахвотных засталося на гэты рэйс, мы звярнуліся ў аўтапарк.

Намеснік дырэктара па перавозках Уладзімір Новік запэўніў, што пасажыры ёсць заўсёды:

Змяняць расклад гэтага аўтобуса мы не будзем.

80% кліентуры, якую мы перавозім – расіяне, пасажыры цягніка Унеча-Гродна.

Цягнік прыбывае ў 5.30, а праз 10 хвілін адпраўляецца наш аўтобус.

Людзям вельмі зручна, не трэба чакаць.

Шмат пастаянных кліентаў, яны стэлефаноўваюцца з кіроўцай за некалькі дзён, браніруюць альбо выкупаюць білеты.

Калі мы зменім расклад – гэтых пасажыраў згубім, на іх месца прыйдуць кантрабандысты.


Акрамя ранішняга рэйсу на Беласток, аўтапарк мае рэгулярныя маршруты на Варшаву і Лодзь.

Гэтыя аўтобусы пакуль таксама ходзяць па-ранейшым раскладзе.

 

Затое цягнікі на Кузніцу і Беласток змянілі расклад услед за пераводам стрэлак гадзіннікаў у Польшчы.

Гэта і зразумела: злучэнне па між Гродна і польскім бокам забяспечваюць польскія цягнікі, якія ўпісаны ў агульнапольскі расклад руху.

 

З 30 кастрычніка цягнікі адпраўляюцца з гродзенскага вакзала ў 6.25 (раней – у 5.18), 12.32 (замест 11.25) і ў 19.02 (17.55).

 

З Польшчы ў Гродна цягнікі прыбываюць адпаведна ў 11.19, 17.04, 01.19.