Дзень Святога Губерта ў Гродне
Гарадзенскія мастакі ў першы дзень святкаванняў адкрыюць у галерэі “Крыга” выставу “Горад Святога Губерта”.
Будуць прадстаўлены мастацкія працы, што маляваліся ў горадзе над Нёманам, альбо прысвечаныя Гродна.
Пачатак а 17-й гадзіне.
Для аматараў сярэднявечнай музыкі 3 лістапада дасць бясплатны канцэрт “Стары Ольса”.
Усіх, хто хоча паслухаць валынкі, ліры, гуслі, свірэлі, акарыны, сурмы – абсалютныя копіі інструментаў часоў Вялікага Княства Літоўскага – чакаюць а 19-й гадзіне ва ўнутраным дворыку будынка па адрасе: Будзёнага 48а.
Навукоўцаў і аматараў гісторыі 5-6 лістапада чакае міжнародная навуковая канферэнцыя “Гарадзенскі палімсест”.
Апроч гэтых мерапрыемстваў аматарам даўніны гарадзенскія рыцарскія клубы прапануюць паўдзельнічаць у прысвечаным Святому Губерту турніры па стральбе з традыцыйнага луку.
Ён адбудзецца 5-га лістапада а 11-ай гадзіне, каля Палаца творчасці дзяцей і моладзі.
Занятак па сабе знойдуць і аматары інтэлектуальных гульняў.
Для іх выдавецкая ініцыятыва “Гарадзенская бібліятэка” і дамен http://grodno.en.cx падрыхтаваў віктарыну “”Лёсы, падзеі, людзі“.
Пераможцаў чакаюць прызы на гарадзенскую тэматыку, а за першае месца – вячэра на дваіх у адной з гарадзенскіх кавярняў.
Пра Дні Святога Губерта распавядае Эдуард Дмухоўскі, адзін з каардынатараў выдавецкай ініцыятывы “Гарадзенская бібліятэка”:
– Адзначэнне Дзён Святога Губерта ў нашым горадзе ўжо сталася традыцыяй.
Падобнае мерапрыемства мы ладзім чацьвёрты год запар.
Да гэтага Гародня мела рок-фэст“Губерталіі”, існаваў клуб гарадзенскай інтэлігенцыі “Клуб Святога Губерта”, удзельнікі якога абмяркоўвалі мінулае і сучаснае.
Усе сучасныя мерапрыемствы і тыя, што ладзіліся раней, прысвечаны ў гэты дзень гербу Гародні.