Кубак “ГроднаАзот” застаўся у Гродне

| Без катэгорыі

Акрамя гаспадароў з каманды “Азот” за трафей на мінулых выходных змагаліся госці з Пінска, а таксама каманды з Францыі і Літвы.

 

Нягледзячы на відовішчнасць матабола, заўзятараў у гэтага віду спорту ў Гродне аказалася няшмат. Каля сотні гледачоў, у асноўным – сяброў і знаёмых спарцменаў, прыходзіла ў суботу і нядзелю на спартовую пляцоўку “ГроднаАзот”.

 

Магчыма, прычынай невялікай цікавасці была недастатковая рэклама турніру ў медыях і адсутнасць у гарадзенцаў ведаў пра тое, што ж сабой уяўляе матабол. Распытваючы знаёмых, сябраў, а нават мінакоў на вуліцах, я зразумеў, што людзі пра матабол сапраўды ведаюць няшмат.

>

Тым часам футбол на матацыклах у Беларусі існуе ўжо даволі даўно, а першы чэмпіянат рэспублікі адбыўся яшчэ ў 1966 годзе. Яго пераможцам стала каманда ММВЗ (Мінск).

 

Адна са старэйшых беларускіх дружынаў – госці “азотаўскага” турніру з Пінску, выступаюць пад назвай “Аўтамабіліст”. Гэтая каманда паўстала ў 1973 годзе ў Лунінцы пад назвай “Будаўнік” і ўжо два гады пазней, пераехаўшы ў Пінск, выйграла чэмпіянат Беларусі, каб яшчэ праз два гады рэпрэзэнтаваць нашую рэспубліку ў першай лізе чэмпіянату СССР. Пасля 1979 года, калі “Будаўнік” стаў “Аўтамабілістам”, пінчане неаднойчы перамагалі ў чэмпіянаце Беларусі і нават станавіліся чэмпіёнамі СССР.

 

Сёння гульцы пінскай каманды ствараюць аснову нацыянальнай зборнай Беларусі.

 

А вось каманда гаспадароў – дастаткова маладая. Нягледзячы на гэта, “Азот” мае на сваім рахунку 4 камплекты бронзавых медалёў чэмпіянату Беларусі, трэцяе месца ў міжнародным Кубку Каўказа і ўжо восем, разам з апошняй, перамог у турніры на Кубак “Азота”.

 

Поле для гульні ў матабол не больш футбольнага, а вось пакрыццё спецыфічнае – жвір, пасыпаны пяском. Пра гэта мне паведаміў галоўны трэнер “Азоту” Яўген Кашкаха.

 

На пытанне, ці ёсць нейкія спецыфічныя патрабаванні па стане здароўя да гульцоў у матабол, трэнер адказаў, што яны не адрозніваюцца ад тых, якія прад’яўляе медкамісія тым, хто прэтэндуе на дазвол на права кіравання транспартным сродкам.

 

– Калі чалавек мае такую медычную даведку, ён можа гуляць у матабол – падкрэслівае спадар Кашкаха. Што ж тычыцца наяўнасці ў гульцоў правоў на кіраванне матацыклам – яны, як падкрэслівае эксперт, не з’яўляюцца абавязковымі, тым больш, што некаторыя з гульцоў непаўналетнія.

 

Але ўсе каманды працуюць з тэхнікай па спецыяльнай ліцэнзіі, якую выдае федэрацыя – зазначае мой суразмоўца.

 

– Гульні ў гэтым турніры – перадусім трэніроўка для маладых гульцоў каманды – адказвае на пытанне пра значэнне гарадзенскага турніру для літоўскага клубу “Бартувас” (Скуодас) ягоны трэнер Станіславас Пенкус.

 

Сёння на полі не з’явіцца ні аднаго старога гульца, а каманда будзе складаца толькі з маладых хлопцаў, якім трэба набірацца вопыту і адчуць смак рэальнай барацьбы – з усмешкай паведамляе трэнер і цалкам сур’ёзна заяўляе, што для яго каманды, якая хутка адзначыць 45-годдзе існавання, гарадзенскі турнір стаўся ўжо сімвалам.

 

– Мы ані разу яго не прапусцілі – падкрэслівае спадар Пенкус.

 

Пра каманду з Пінску мне распавядае яе легендарны выхаванец, заслужаны майстар спорту, член нацыянальнай зборнай Беларусі і нападаючы “Аўтамабіліста” Антон Уласавец.

 

– Мы – адзіная каманда, якая станавілася 10 год запар чэмпіёнамі краіны – заяўляе спартовец, які ў сваёй кар’еры забіў больш за 2000 мячоў, з іх 759 – у чэмпіянатах Беларусі, гуляючы за “Аўтамабіліст” і ажно 254 галы за зборную ў чэмпіянатах Еўропы.

 

Дарэчы, мяжу ў 100 галоў здолелі таксама пераадолець у еўрапейскіх першынствах толькі два матабалісты – расейцы Аляксандр Цароў («Ковровец», Каўроў) і Уладзімір Сасніцкі («Металлург», Віднае).

 

Ніхто таксама нават не наблізіўся да вынікаў Уласаўца па колькасці забітых мячоў у адным чэмпіянаце Еўропы. Ягоныя 29 галоў у першынстве 2004 года – абсалютны рэкорд матабольных Еўра. Уласавец, таксама як літоўскі трэнер, лічыць, што гарадзенскі турнір – перадусім шанец паказаць сябе для маладых гульцоў.

 

– Нашая моладзь зараджаная на барацьбу і амбітная, можа толькі менш дасведчаная – падкрэслівае легенда беларускага матаболу.

 

Пра тое, што гэта сапраўды так, я пераканаўся, наведаўшы сектар з гульцамі камандаў.

Рызыка і пах паліва! – усклікнуў адзін з хлопцаў, калі пачуў маё пытанне пра тое, што моладзі падабаецца ў матаболе.

 

– Футбол не такі цікавы, як матабол. Тут атрымліваеш больш адрэналіну. Калі разганяешся на матацыкле і за секунды апынаешся ў іншай частцы поля, сэрца проста шалёна б’ецца і, здаецца, выскоквае з грудзей – маляўніча распавядае адзін з гульцоў пінскай каманды.

 

А ці часта ў вас бываюць траўмы?- пытаюся. – Вядома, былі ва ўсіх па «маладосці», цяпер прыходзіць які ніякі прафесіяналізм  і  траўмаў нашмат менш у асноўным звычайныя сінякі – заяўляе зусім малады з выгляду хлопец з Пінска.

 

Нягледзячы на вялікія традыцыі перамог свайго клубу моладзь з Пінску апынулася па выніках спаборніцтваў за Кубак “ГроднаАзот” на трэцім месцы.

 

За галоўны трафей у фінале змагаліся гаспадары і госці з францускага клуба “Рабіён”. Гарадзенцы перамаглі з вынікам 7-2.