Суботнік Гроднафіш: рыбаловы прыбіраюць смецце вакол вадаёмаў
Апошні прайшоў 29 кастрычніка.
Юрый Шурмін – арганізатар акцыі і адміністратар сайта:
– 29 кастрычніка мы прыбіралі ў заказніку Азёры, берагі каля пратокі паміж азёрамі Зацкага і Белае.
Працавалі 7 чалавек. Справіліся за 4 гадзіны.
Гэты суботнік быў найбольш арганізаваны.
Мы дамовіліся з дырэктарам заказніка: толькі збіралі смецце і зносілі ў вызначанае месца, а яго вывазам зоймецца заказнік.
Пасля прыборкі адрамантавалі масток праз затоку.
Першы раз на суботнік мы выправіліся вясной, як толькі сышоў снег.
Тады прыбіралі берагі Нёмана ніжэй маста на Паповіча.
Назбіралі больш за 50 мяхоў смецця.
У асноўным гэта былі пластыкавыя бутэлькі ад піва, баначкі ад чарвей, пакінутыя рыбакамі, пакеты, шкло. Збіралі ўсё гэта і вывозілі на сметніцу.
Другая акцыя праходзіла ў раёне вёскі Коматава, дзе Котра ўпадае ў Нёман.
Інфармацыю пра суботнікі мы змяшчаем на нашым сайце. Ахвотныя адпісваюць і з імі мы дамаўляемся.
Гэта апошні суботнік гродзенскіх рыбаловаў сёлета: прыбіраць перашкаджае апалае лісце.
Але вясной акцыі адновяцца: Гроднафіш плануе рэгулярна прыбіраць ад смецця найбольш папулярныя месцы адпачынку.
alt=”Image 17409″ >
Сайт Гроднафіш створаны 16 чэрвеня 2010 года з мэтай з’яднаць гродзенскіх рыбакоў.
Ідэя стварэння сайта ўзнікла ў 16-гадовага Дзяніса Кавалёва, які сам і ўвасобіў яе ў жыццё.
Праз Гроднафіш аматары рыбнай лоўлі абменьваюцца досведам, дзеляцца парадамі, знаёмяцца, дамаўляюцца пра сумесныя рыбалкі.
Юрый Шурмін:
– Мы прытрымліваемся прынцыпаў не парушаць правілы рыбнай лоўлі, змагацца з браканьерствам, знаёміць гродзенскіх рыбакоў з еўрапейскімі стандартамі рыбалкі.
Сайт трымаецца з дапамогай крамы “Рыбалоў” (гандлёвы цэнтр “Пасаж”).
За год з невялікім мы зладзілі 2 Фэсты: “Гроднафіш вясна 2011” і турнір “Гроднафіш лета 2011”.
19 лістапада запрашаем аматараў рыбалкі на турнір “Восеньскі драпежнік Гроднафіш 2011”.
Здымкі з сайта http://www.grodnofish.by