У крамах пачынаецца сезон крадзяжоў

|

Узроставая група злодзеяў амаль неабмежаваная.

Пачынаючы ад першакласніка, які сцягнуў пачак вафель, бо грошы, што маці дала на абед, прамяняў на фішкі “пакімонаў” і скончваючы бабулькай, якая сцягне і схавае ў панталонах пачак масла ці кавалак сыру, бо ад іх ужывання адмовіцца не можа, а кошты не дазваляюць за іх разлічыцца.

 

Паводле экспертаў цікавей выглядае класіфікцыя злодзеяў паводле сацыяльнага статусу.

– Большы працент іх складаюць даволі забяспечанные людзі – дзеліцца назіраннямі загадчыцца ўніверсама “Гродзенскі” Тамара Гаўрылюк і дадае, што на крадзяжы лапалі людзей, якія займаюць даволі высокія пасады.

 

Аднак найчасцей так званных крамных злодзеяў гандляры дзеляць у залежнасці ад таго, на якую групу тавара ці тавар тыя “палююць”.

Дзве найбольш распаўсюджаныя – гэта “кафеманы” і “бульбашы”.

 

Кафеманы.

З назвы зразумела, што іх таварная група – кава, радзей гарбата.

Кафеманы ходзяць групамі, але часцей па два чалавекі.

Адзін з іх неадэкватнымі паводзінамі адцягвае ўвагу гандляроў, а другі ў той час набівае адзенне пачкамі кавы.

Каву выбіраюць нятанную.

Самыя папулярныя – “Нескафэ Голд” 500г. ды “Якабс” 500г.

За адзін рэйд злодзеі могуць вынесці з крамы пяць і болей пачак.

 

Бульбашы.

Назва гэтых злодзеяў таксама паходзіць ад “спецыялізацыі”.

Яны крадуць у асноўным настойкі “Бульбаш”, але на худы канец не адмовяцца ад сувенірных бутэлек “Срэбных Росаў”.

На звычайную гарэлку час марнаваць не будуць.

 

 

Асобная тэма – экіпіроўка злодзеяў.

Звычайна яны апранаюцца ў пухавікі, бо за гэтым адзеннем не так заўважна раптоўнае “патлусценне”.

Пухавікі найчасцей засцёгнутыя да сярэдзіны, а падшэўка прышытая да штаноў ці швэдра.

Атрымоўваецца “чалавек у мяху”.

Тавар хаваецца ў рукавах, альбо раўнамерна размяшчаецца паміж пухавіком і целам.

 

– Год таму быў выпадак, калі група моладзі з трох чалавек на сабе вынесла тавару на 300000 рублёў.

Пры гэтым у кошыку яны неслі толькі пачак кефіру, хлеб ды батон.

Скрадзены тавар быў схаваны ў прашытых куртках – узгадвае Тамара Гаўрылюк.

 

Штаны таксама зашываюцца ўнізе. Гэта робяць найчасцей “бульбашы”, бо так зручней выносіць бутэлькі.

 

Кемлівасцю вызначаюцца і бабулькі, якія перашываюць драпавыя паліто такім чынам, што карманы са стандартных памераў ператвараюцца ў мяхі даўжынёй да пяцідзесяці сантыметраў.

У іх з лёгкасцю змяшчаюцца кавалкі сыру, пачкі масла, сырочкі, цукеркі.

Хаваюць дробны тавар таксама ў манжэтах паліто.

 

align=”left” alt=”Image 17425″ >Кансерватыўны метад выкарыстоўваюць жанчыны, выносячы рэчы ў дамскіх сумках.

 

Раней былі торбачкі памерам 40х30 сантыметраў, а цяпер носяць торбы памерам 60х60 мінімум – заўважае нашая суразмоўца.

Яна распавядае, што больш “прасунутыя” жанчыны выкарыстоўваюць сумкі з двайным дном. Часцей за ўсё дамы крадуць кансервы, шакаладкі, мясныя вырабы.

 

Пералічаныя метады крадзяжоў сустракаюцца ў кожнай краме амаль штодзень.

 

Але некаторыя злодзеі проста ашаламляюць крэатыўнасцю.

 

– Зайшоў неяк адзін са знаных “кафеманаў”.

Схапіў пачак кавы і нырнуў у натоўп гандлёвага залу.

Пакуль я падбегла – кавы ў кошыку ўжо не было.

На выхадзе мы яго даглядзелі з ног да галавы, але нічога не знайшлі.

Падумалі, можа спужаўся, што за ім сочаць і выкінуў у зале.

Але і ў зале кавы не было. Пракруцілі камеру відэанагляду і пабачылі, што каву ён схаваў у парасон-тросць – распавядае кантралёр-касір універсама “Гродзенскі”.

 

Злодзеі навучыліся падманваць нават супрацькрадзежную сістэму крам.

Супрацькрадзежныя брамкі спрацоўваюць на неразмагнічаны тавар, які можа размагніціць толькі прадавец падчас разліку.

Але калі замагнічаны тавар прыкрыць фальгой, схаваць пад тоўстым слоем адзення, альбо пранесці праз брамку пад адмысловым вуглом, сігналка не спрацуе.

 

Прафесійныя злодзеі добра падрыхтаваныя  і  ведаюць асаблівасці закона.

Яны рэдка набываюць нешта, калі выносяць скрадзенае, бо іх задача – як мага хутчэй прайсці касавую зону.

 

Па законе мы не можам яго схапіць у зале. Калі злодзей  заўважае, што за ім сочаць,  ён спрабуе пазбавіцца ад тавара.

Смела хапаем яго толькі тады, калі ён ўсё ж выйшаў за касавую зону з неразлічаным таварам – дзеліцца досведам прадавец Семянчук. 

 

Прадаўцы са стажам адразу пазнаюць злодзея, бо ў іх інтарэсах ведаць псіхалогію махляра.

За скрадзены тавар прадаўцы вельмі часта вымушаны разлічвацца са сваіх заробкаў.